08-03, 10:36

Беніта Ферэра-Вальднэр: Гэта вельмі доўгачаканая падзея

Сёння важны дзень для Беларусі і для Еўрапейскай камісіі. Пра гэта заявіла Камісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднэр з нагоды падпісання Пагаднення аб адкрыцці афіцыйнага Прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Мінску. 

“Гэта вельмі доўгачаканая падзея. Я спадзяюся, што знаходжанне Прадстаўніцтва Камісіі ў Мінску дапаможа стварыць умовы, у якіх адносіны будуць развівацца. Я таксама перакананая ў тым, што гэта таксама дапаможа ЕС узмацніць свае сувязі з грамадзянамі Беларусі”, - гаворыцца ў заяве еўракамісара.

Пры гэтым еўрапейскі палітык заўважыла, што нармалізацыя адносін магчымая толькі “ў выпадку, калі ў Беларусі будуць зробленыя чарговыя сур'ёзныя крокі да дэмакратызацыі”.

На думку Беніты Ферэра-Вальднэр, адкрыццё Прадстаўніцтва і вызваленне некалькіх палітычных зняволеных за апошнія дні можа дазволіць ЕС атрымаць пазітыўны імпульс.

“Я чакаю, што Беларусь пацвердзіць гэтыя сігналы, вызваліўшы спадара Казуліна", - адзначыла Камісар па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы добрасуседства.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя