Лідэр Украінскай народнай партыі, дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад прапрэзідэнцкай фракцыі "Наша Украіна" Юры Кастэнка лічыць, што Расія павінна забяспечваць Украіну газам па нулявым кошце на працягу наступных 10 гадоў у лік пазыкаў часоў СССР, паведамляе proUA.com.
- Калі Масква прызнае свае пазыкі перад Кіевам, мы можам дамовіцца пра пагашэнне іх бартэрам. Напрыклад, Расія можа 10 гадоў пастаўляць Украіне газ па нулявым кошце. Замест гэтага ўкраінскі ўрад будзе прадаваць гэты газ нацыянальным прадпрыемствам, насельніцтву, а сродкі будзе вяртаць грамадзянам, якія мелі зберажэнні ў Ашчадным банку СССР, - гэта і будзе разлік бартэрам, - паведаміў, у прыватнасці, Кастэнка.
Дэпутат запатрабаваў "назваць пэўную суму пазыкаў Расіі перад Украінай і Украінай перад Расіяй". Па яго ўласнаму меркаванню, акрамя прадугледжаных Украіне 16,37% актываў былога СССР, пра што было пазначана ў дамове "Пра прынцыпы дзялення спадчыны СССР" ад 4 снежня 1991 года, Расія не разлічылася з Украінай за тактычную ядзерную зброю.




