Берлінскі суд забараніў выкарыстоўваць вобразы вядомых польскіх мультперсанажаў Болека і Лёлека для барацьбы з гамафобіяй. На такім рашэнне настойвалі польскія актывісты, якія палічылі сябе пакрыўджанымі тым, як вобразы іх герояў выкарысталі ў Германіі.
Прычынай судовага разгляду сталі падзеі траўня 2005 года. Тады нямецкі штомесячнік Siegessаule, прысвечаны праблемам сэксменшасцяў, змясціў на сваёй вокладцы малюнкі Болека і Лёлека. Болек і Лёлек стаялі абняўшыся. Прычым у першага з іх, у адрозненне ад мультыплікацыйнага арыгіналу, з'явіліся жаночыя грудзі. Героі папулярнага мультфільма трымалі ў руках плакат з надпісам "Зараз Польшча!". Там быў таксама надпіс "У госці да сяброў!".
Siegessaule з дапамогай Болека і Лёлека заклікаў падтрымаць барацьбітоў за правы сэксменшасцяў у суседняй Польшчы, перадае ВВС.
Падобны зварот з персанажамі абурыў ўладальнікаў аўтарскіх правоў на мультфільм, і яны падалі на нямецкае выданне ў суд. Судовае разбіральніцтва цягнулася два гады і скончылася паразай нямецкага выдання з-за парушэння аўтарскіх правоў.




