13-05, 01:24

"Эль Паіс": Венесуэла з дапамогай Беларусі мела намер пастаўляць зброю калумбійскім паўстанцам

Венесуэла з дапамогай Беларусі мела намер пастаўляць зброю для паўстанцаў з Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (FARC). Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, размешчаным 10 мая на сайце іспанскай газеты "Эль Паіс". 

Са спасылкай на свае крыніцы ў калумбійскім урадзе выданне паведамляе аб лісце, знойдзеным у камп'ютэры аднаго з лідэраў баевікоў Рауля Рэеса, які быў забіты 1 сакавіка ў выніку спецаперацыі калумбійскай арміі. Гэты ліст датаваны 8 лютага і падпісаны адным з членаў сакратарыята FARC Іванам Маркесам, які паведамляе, што Уга Чавес "разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення". "Наш беларускі сябар працягвае працаваць над пакетам (магчыма, маецца на ўвазе пакет дакументаў. — БелаПАН.) аб шляхах да чорнага рынку, каб вырашыць праблемы, — цытуе газета вытрымкі з ліста. — 17 чысла гэтага месяца (лютага. — БелаПАН.) у Каракас прыбудзе дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй".

Паводле звестак "Эль Паіс", Анёл — гэта псеўданім Уга Чавеса. "А сябар — гэта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі, чалавек вельмі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн. еўра, якія былі падпісаны летась", — сцвярджае газета.

Варта зазначыць, што 15—19 лютага адбыўся афіцыйны візіт у Венесуэлу беларускай дэлегацыі на чале з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Віктарам Шэйманам.

Падчас візіту былі дасягнуты дамоўленасці аб прынцыпах фінансавання праектаў будаўніцтва ў Венесуэле заводаў з удзелам МАЗа, БелАЗа і МТЗ, аб пачатку рэалізацыі праектаў будаўніцтва пяці тысяч кватэр і рэканструкцыі ў Каракасе раёна Мірафлорэс, аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па свідраванні і рамонце нафтавых свідравін.

У дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Беларусі інфармацыю, размешчаную ў "Эль Паіс", пакуль не каментуюць. //БелаПАН

 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя