Вядомы амерыканскі дакументаліст Майкл Мур працуе над працягам сваёй вядомай стужкі "Фарэнгейт 9/11", якая заваявала "Залатую пальмавую галінку" на 57-м Міжнародным Канскім фестывалі чатыры гады таму. Фільм, у якога пакуль няма назвы, плануецца выпусціць у пракат у будучым годзе, а яго дэбют зноў пройдзе ў Канах.
У свой час "Фарэнгейт 9/11" прагучаў як рэзкае абвінавачванне "вайны з тэрарызмам", што была абвешчаная прэзідэнтам Бушам, і пабіў усе рэкорды па зборах сярод дакументальных стужак, зарабіўшы ў ЗША і за мяжой каля 220 млн долараў.
Пра што будзе распавядаць наступны фільм Мура, пакуль не паведамляецца. Летась Мур зняў дакументальную стужку аб крызісе амерыканскай сістэмы аховы здароўя, якую ён назваў "камедыяй пра 45 млн чалавек, якія пазбаўленыя медыцынскай дапамогі ў найбагацейшай краіне на Зямлі". У 2002 годзе стужка "Боўлінг для "Каламбіны", якая распавядае пра растрэл вучняў у школе у штаце Каларада, прынесла яму "Оскара".




