Першы дзень французскага старшынства ў Еўрасаюзе прынёс нечаканыя навіны: стала вядома, што прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі адмовіўся падпісаць Лісабонскі дагавор — новы базавы дакумент, які вызначае прынцыпы і механізмы больш эфектыўнага функцыянавання ЕС, які павінен замяніць канстытуцыю ЕС.
"Дагавор аб рэформах", ці Лісабонскі дагавор, быў падпісаны лідэрамі краін Езрасаюза ў сталіцы Партугаліі ў снежні 2007 года. Чакалася, што ён набудзе моц у студзені 2009 года, але толькі пасля таго, як будзе ўхвалены ўсімі краінамі — членамі ЕС. На сёння дагавор ратыфікавалі парламенты 19 з 27 краін — Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі і Эстоніі.
Ірландыя вырашыла ратыфікаваць дагавор шляхам рэферэндуму. 12 чэрвеня большасць жыхароў гэтай краіны прагаласавалі супраць дагавора. Па выніках чэрвеньскага саміта ў Бруселі лідэры 27 краін ЕС вырашылі вярнуцца да абмеркавання сітуацыі з Лісабонскім дагаворам на чарговым саміце ў бельгійскай сталіцы 15 кастрычніка.
Гэты новы юрыдычны тупік ЕС нагадвае сітуацыю 2005 года, калі праект еўрапейскай канстытуцыі на нацыянальных рэферэндумах адхілілі жыхары Францыі і Нідэрландаў, і потым ён быў перапрацаваны ў Лісабонскі дагавор.
Л.Качыньскі, матывуючы польскаму выданню "Дзённік" сваё рашэнне не падпісваць ужо ратыфікаваны польскім парламентам дакумент, зазначыў: бессэнсоўна ставаіць свой подпіс пад дагаворам, пасля таго як яго адхіліла Ірландыя, паколькі ён павінен быць ухвалены ўсімі краінамі — членамі ЕС. "Цяжка сказаць, чым усё закончыцца, але сцвярджэнне аб тым, што саюза не будзе, калі не будзе пагаднення, несур'ёзна", — заявіў польскі прэзідэнт.
Трэба таксама зазначыць, што некалькімі днямі раней прэзідэнт ФРГ Хорст Кёлер таксама адклаў падпісанне дагавора, ратыфікаванага Бундэстагам. У Канстытуцыйны суд Германіі паступіла некалькі іскаў супраць дагавора, рашэнне па якіх пакуль не прынята. У еўрапейскіх палітычных колах ёсць апасенне, што прыняцце Лісабонскага дагавора можа быць сарвана і стане "галаўным болем" Францыі, якая з 1 ліпеня і да канца 2008 года будзе старшынстваваць у ЕС. Ад Парыжа, у сувязі з гэтым, чакаюць максімум намаганняў, каб пераканаць кіраўніцтва Ірландыі арганізаваць паўторнае ўсенароднае галасаванне. Невыпадкова на 11 ліпеня запланаваны візіт у Дублін французскага прэзідэнта Нікаля Сарказі. Ён не раз зазначаў, што выступае за працяг працэсу ратыфікацыі дагавора, паколькі ад гэтага залежыць наступнае пашырэнне ЕС. У першую чаргу гэта тычыцца Харватыі, якая разлічвае стаць 28-й краінай — членам ЕС ужо ў 2010 годзе.
Выступаючы па адным з французскіх тэлеканалаў напярэдадні пераходу старшынства ЕС да Францыі, Н.Сарказі заявіў: "У справе будаўніцтва адзінай Еўропы былі дапушчаны памылкі, і жыхары ЕС пачалі губляць веру ў поспех гэтага праекта... Штосьці не так".
Паводле слоў прэзідэнта, прыярытэтамі Францыі ў найбліжэйшыя паўгода будзе вызначэнне агульнай іміграцыйнай палітыкі, барацьбы са змяненнямі клімату і арганізацыя бяспекі паставак энерганосьбітаў, агульнай сельскагаспадарчай палітыкі і павышэнне абароназдольнасці Еўропы. Плануецца таксама запуск праекта Міжземнаморскага саюза, які аб'яднае краіны, што маюць выхад да Міжземнага мора, паведамляе БелаПАН







Каментары