Амерыканскі бок працуе над вызваленнем палітычных зняволеных Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Аб гэтым заявіў 3 ліпеня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце "Радыё Свабода" часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. Ён выехаў у Злучаныя Штаты ў планавы адпачынак 5 чэрвеня і цяпер вярнуўся ў Беларусь.
Адказваючы на пытанне, ці не заўважыў дыпламат за апошнія тыдні якія-небудзь змены ў пазіцыі афіцыйнага Мінска ў беларуска-амерыканскіх узаемаадносінах, Дж.Мур сказаў: "Паколькі я толькі што вярнуўся з ЗША, я не магу сказаць, што заўважыў нейкія асаблівыя змены ў падыходзе беларускіх уладаў. З нашага боку мы працягваем працаваць над вызваленнем палітычных зняволеных Казуліна, Кіма, Парсюкевіча і заклікаем рэжым палепшыць сітуацыю з правамі чалавека. Заканадаўства ў сферы мас-медыя — крок назад. ЗША таксама ўважліва назіраюць за ўмовамі правядзення парламенцкіх выбараў".
Паводле слоў Дж.Мура, амерыканскі бок працягвае патрабаваць неадкладнага вызвалення на гуманітарнай аснове адваката Эмануіла Зельцэра, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ.
Нагадаем, Э.Зельцэр разам са сваім сакратаром грамадзянкай Расіі Уладленай Функ былі затрыманы 12 сакавіка ў Мінску. 27 чэрвеня ім прад'яўлены канчатковыя абвінавачанні. Э.Зельцэру інкрымінуецца выкарыстанне заведама фальшывых афіцыйных дакументаў, кантрабанда наркатычных сродкаў і камерцыйны шпіянаж. У.Функ абвінавачваецца ў выкарыстанні заведама фальшывых афіцыйных дакументаў і ў камерцыйным шпіянажы, паведамляе БелаПАН.





