04-07, 14:17

Моладзь пры Савеце Еўропы за адмену крымінальных артыкулаў на Беларусі

Удзельнікі трэцяга летняга Універсітэта дэмакратыі пры Савеце Еўропы заклікалі беларускія ўлады адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай паводле вынікаў працы універсітэта (з 30 чэрвеня па 4 ліпеня) у Страсбургу.

"Мы заклікаем беларускія ўлады ліквідаваць усе перашкоды для рэгістрацыі і дзейнасці няўрадавых арганізацый, у тым ліку і для працы Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў у Беларусі, — гаворыцца ў дакуменце. — Мы заклікаем адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які крыміналізуе ўдзел у дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый".

Аўтары рэзалюцыі выказваюць салідарнасць "з удзельнікамі беларускай школы палітычных даследаванняў і ўсімі маладымі грамадзянамі Беларусі, якія былі выключаны са школ і універсітэтаў і якія пераследваліся за свае палітычныя погляды".

"Мы заклікаем прадстаўнікоў масмедыя і праваабарончых арганізацый адсочваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, асабліва напярэдадні парламенцкіх выбараў <…>. Мы чакаем таго дня, калі Беларусь будзе гатова да таго, каб далучыцца да Савета Еўропы ў якасці паўнавартаснай дзяржавы-члена", — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Як паведамляў БелаПАН, у працы універсітэта ўпершыню ўзяла ўдзел Усходнееўрапейская школа палітычных навук (Беларусь). Усяго ўдзельнікамі універсітэта былі прадстаўнікі 16 школ палітычных навук з краін СНД і Усходняй Еўропы, паведамляе БелаПАН

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя