Ветэрынары высветлілі, што прычынай гібелі птушак, знойдзеных нядаўна ў скверы гомельскага мікрараёна “Фестывальны” стаў не жахлівы птушыны грып, а фасфід цынку.
Такую выснову зрабілі ў Гомельскай абласной ветэрынарнай лабараторыі, даследаваўшы мёртвых крумкачоў, галак і гракоў. Птушкі масава памерлі, атруціўшыся рэчывам, якое раней выкарыстоўвалася ў горадзе для барацьбы з мышамі ды пацукамі. Яно з’яўлялася асноўным кампанентам пацучынага яду. Аднак апошнім часам для гэтых мэтаў прымяняюцца больш бяспечныя рэчывы.
Хутчэй за ўсё, птушкі маглі атруціцца на палігоне для адкідаў, дзе яны праводзяць светлую частку сутак. Знайсці крыніцу фасфіду цынку пакуль не ўдалося, пішуць “Гомельские ведомости”.




