У Беларусі ўпершыню распачата крымінальная справа за дзейнасць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. Пра гэта паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Паводле яго слоў, справа па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) распачата мінскай гарадской пракуратурай у дачыненні да 25-гадовага жыхара сталіцы Яўгена Волкава. Яго абвінавачваюць у дзейнасці ад імя арганізацыі "Рух аб'яднання" (Царква Муна).
"Варта зазначыць, што з 2006 года, калі гэты артыкул Крымінальнага кодэкса ўступіў у дзеянне, гэта першая крымінальная справа ў дачыненні да прадстаўніка менавіта рэлігійнай арганізацыі. Раней артыкул выкарыстоўваўся ў дачыненні да палітызаваных маладзёжных аб'яднанняў, такіх як "Малады фронт", "Партнёрства". У Гомелі па гэтым артыкуле быў асуджаны прадстаўнік расійскай праварадыкальнай арганізацыі "Рускае нацыянальнае адзінства". Аднак з мінулага года ўлады не выкарыстоўвалі гэты артыкул. Таму факт распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі выклікае ў нас занепакоенасць", — сказаў Стэфановіч.
Пры гэтым праваабаронца зазначыў, што следчым па справе Волкава прызначаны старшы следчы па асабліва важных справах пракуратуры Менска, малодшы дарадца юстыцыі Сяргей Грахоўскі. Менавіта гэты следчы вёў справу па аналагічным артыкуле ў дачыненні да актывістаў "Маладога фронту" Дзмітрыя Федарука, Алега Корбана, Анастасіі Палажанкі, Барыса Гарэцкага і Аляксея Янушэўскага ў 2007 годзе.
Як сказаў Стэфановіч, пакуль у следства няма доказаў таго, што дзейнасць Царквы Муна ўяўляе якую-небудзь пагрозу або накіравана на распальванне рэлігійнай варожасці. "Аднак артыкул 193-1 і не прадугледжвае такога доказу. Тут толькі фармальны склад злачынства — дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, незалежна ад таго, чым гэтая арганізацыя займаецца", — сказаў Стэфановіч.
Праваабаронца зазначыў, што цяпер у Беларусі праводзіцца кампанія за адмену артыкула 193-1 і выключэнне яе з Крымінальнага кодэкса. Гэтую кампанію падтрымалі многія беларускія і замежныя грамадскія аб'яднанні, у тым ліку сусветная праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя", паведамляе БелаПАН.








Каментары