Лекары Гомельскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы выдалілі са сцягна жыхаркі абласнога цэнтра нямецкую кулю гадоў Вялікай Айчыннай вайны.
Галіна Кажушка нарадзілася незадоўга да пачатку вайны. Падчас акупацыі яе бацькі загінулі, а дзяўчынка апынулася ў фашысцкім канцлагеры. Пры адступленні нямецкія салдаты расстралялі сталых і маленькіх вязняў лагера. Галіне пашанцавала: яе знайшлі партызаны, вылечылі і накіравалі ў дзіцячы дом.
Галіна вырасла, набыла прафесію, выйшла замуж, нарадзіла і выхавала дзяцей. А ўлетку мінулага году 68-гадовая пенсіянерка ўдарылася сцягном, калі працавала на лецішчы. Як распавёў БелТА загадчык трэцяга хірургічнага аддзялення Гомельскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы Уладзімір Канаўкоў, на месцы ўдару ўтварыліся гематома і абсцэс, якія доўга не гаіліся. Пры ультрагукавым абследаванні высветлілася, што ў косці сцягна жанчыны знаходзіцца куля. Аперацыя па яе выдаленні прайшла паспяхова.




