Пра гэта 7 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла начальнік аддзела гідраметэаралагічных прагнозаў дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр” Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марына Нагібіна.
Паводле яе слоў, максімальныя ўзроўні ўздыму вады чакаюцца да сярэдзіны сакавіка. Аднак на Прыпяці ў сярэдзіне лютага прайшла зімовая паводка, і ў басейне ракі магчыма невялікае павышэнне ўзроўню вады на працягу гэтага месяца, паведамляе БелаПАН.
Як заявіла дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Мінпрыроды Марыя Гермянчук, цяперашняя веснавая паводка ў краіне прагназуецца без асаблівых катаклізмаў. Такі прагноз засноўваецца на тым, што запасы вады на вадазборы Заходняй Дзвіны, Нёмана, Дняпра, Сожа і Прыпяці даволі нязначныя, колькасць ападкаў некалькі ніжэйшая за норму, невысокая глыбіня прамярзання глебы (ад 5 да 15 сантыметраў), а таксама вялікая яе паглынальная здольнасць з-за дастаткова высокай сярэднясутачнай тэмпературы паветра
Разам з тым, як зазначыла Гермянчук, на рэках Беларусі не выключана магчымасць дажджавых паводак, выкліканых павелічэннем колькасці экстрэмальных з'яў надвор'я з-за глабальнага пацяплення клімату.




