За крадзеж у буйных памерах у дачыненні да некалькіх працаўнікоў гомельскага лакаматыўнага дэпо ўзбуджаная крымінальная справа.
Абвінавачванне сцвярджае, што тры гады чыгуначнікі з Гомеля фіктыўна рамантавалі дызельныя цягнікі. Адміністрацыя гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі не згодная з абвінавачваннем.
Паводле версіі абвінавачвання, у перыяд з 2003 па 2006 год па дакументах каля 40 дызель-цягнікоў прайшлі рамонт на расійскім прадпрыемстве. Пры гэтым кожны рамонт адной з дэталяў абышоўся нібы ў 37 млн. рублёў, у той час як рамонт на беларускім прадпрыемстве каштуе каля 12 млн. рублёў, паведамляе СТВ.
Аднак, як высветлілі праваахоўныя органы, рамонт важнай дэталі цягніка праходзіў толькі на паперы. Чыноўнікі гомельскага дэпо праз камерцыйную структуру заключалі дамовы на рамонт з падкантрольнай расійскай фірмай. Грошы пераводзіліся ў Расію і пасля вярталіся злачынцам.
Цяпер па гэтай справе вінавацяцца шэсць чалавек. З іх пяцёра арыштаваныя, яшчэ адзін знаходзіцца ў вышуку.




