Слуханні ў дачыненні да трох чальцоў злачыннай арганізацыі Сяргея Марозава, якая дзейнічала ў Гомельскай вобласці ў 1994-2004 гадах, праходзілі з 19 лютага гэтага года ў Вярхоўным судзе.
Сёння суддзя Аляксандр Райдудзін прызнаў вінаватымі Аляксандра Кавальчука, Ігара Лявончыкава і Юрыя Жывадзёрава ў прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў спосабам, які носіць характар мучэння або катавання, групай асоб у сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці (п. 3, 5, 9 ч. 2 арт. 147).
Акрамя таго, Кавальчук і Лявончыкаў прызнаны вінаватымі ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі і бандытызме (ч. 2 арт. 285 і арт. 286), паведамляе БелаПАН. 1 снежня 2006 года яны ўжо былі асуджаны за злачынствы ў складзе марозаўскай злачыннай групоўкі і прыгавораны адпаведна да 10 і 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і адбваннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Устаноўлена, што 15 снежня 2003 года гэтыя тры грамадзяніны па распараджэнні кіраўніка банды Сяргея Марозава збілі егера Лоеўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, які перашкаджаў Марозаву незаконна паляваць. У выніку пацярпеламу былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе множных пераломаў рэбраў, галёначных касцей, страсення галаўнога мозгу і іншых траўм. Жывадзёраў сваю віну прызнаў часткова, Кавальчук і Лявончыкаў — не прызналі.
Суд прыгаварыў Ю.Жывадзёрава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, А.Кавальчука і І.Лявончыкава (шляхам частковага складання пакарання па прыгаворы 11 сакавіка 2008 года і 1 снежня 2006 года) — адпаведна да 14 і 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд пастанавіў спагнаць з гэтых грамадзян на карысць Гомельскай абласной клінічнай бальніцы каля 600 тыс. рублёў, затрачаных на лячэнне пацярпелага, а таксама 15 млн. рублёў на карысць пацярпелага ў якасці грашовай кампенсацыі маральнага ўрону.
Прыгавор абскарджанню і апратэставанню ў канстытуцыйным парадку не падлягае.
Адным з фігурантаў па гэтай крымінальнай справе з'яўляўся арганізатар злачыннай групы Сяргей Марозаў. Вытворчасць у дачыненні да яго спынена ў сувязі са смерцю абвінавачванага. У пачатку лютага стала вядома, што вынесены яму і яшчэ двум членам банды смяротны прысуд прыведзены ў выкананне.




