09-05, 11:25

У Гомелі варона параніла супрацоўніцу дзіцячага садка

Цягам дня 8 траўня каля гомельскага дзіцячага садка № 111 на выхавацеляў і мінакоў нападала варона.

Птушка налятала на людзей і клявала ў галаву. Адной з работніц установы была аказана дапамога ў медпункце - варона моцна параніла галаву жанчыне. Ніхто з дзяцей ад птушкі не пацярпеў. Паводле слоў работнікаў садка, яны звярталіся па дапамогу ў МНС, але ратавальнікі адмовіліся выязджаць на выклік, заявіўшы, што лавіць варон не ў іх кампетэнцыі.

Як аказалася, агрэсіўныя паводзіны птушкі былі абумоўлены тым, што з гнязда ў двор дзіцячага садка выпала вараняня, паведамляе БелаПАН. Выхавацелі заўважылі птушаня і папрасілі свайго сантэхніка вынесці яго за межы садка. Пасля гэтага напады вароны спыніліся. Работнікі ўстановы маюць намер зноў звярнуцца ў МНС або камунальныя службы, каб тыя прыбралі гняздо, якое знаходзіцца над гульнявой пляцоўкай дзіцячага садка.

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя