У Горацкім раёне на Магілёўшчыне невядомыя расстралялі на парозе ўласнага дома сына ўладальніка крытага рынку ў Горках.
Адразу чатыры агнястрэльныя раненні атрымаў старэйшы сын вядомага мясцовага прадпрымальніка Леаніда Астапчыка – 31-гадовы Сяргей. Сям’я жыла ў вёсцы ды валодала буйной фермерскай гаспадаркай “Колас”. Спадар Астапчык – адзін з самых багатых людзей у Горках.
Мінулым вечарам сям’я святкавала надыходзячы Новы год у памяшканні крытага рынку. Сяргей Астапчык вярнуўся дадому першым. Паводле адной з версіяў, забойца ўначы пераблытаў сына з бацькам. Хлопец быў застрэлены з паляўнічай стрэльбы.
Сына прадпрамальніка ўжо мёртвым знайшлі суседзі, якія і выклікалі міліцыю. Следчыя пакуль што ўхіляюцца ад каментароў. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўсёй вобласці ў навагоднюю ноч будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.






