Альбом пад назвай “Раніца” («Утро») ужо пяты ў гісторыі існавання гэтай вакальнай групы.
Раней былі запісаны касеты “Адчыні, Пане, сэрца майго дзверы” і “Любоў твая”, а таксама дыскі “Каб змог пайсці за табой” і “Давяраю”. Клерыкі выконваюць як уласныя, так і вядомыя сярод моладзі рэлігійныя спевы на польскай, беларускай і рускай мовах. Аўтар музыкі і словаў уласных песняў – Ян Коўш, студэнт 4 курса. Дарэчы, песні групы сёння папулярныя сярод каталіцкай моладзі; іх мелодыі гучаць нават як рынг-тоны ў мабільных тэлефонах маладых людзей.
Нагадаем, што ўтварыў групу яшчэ ў 1993 годзе ксёндз Уладзімір Гуляй, цяперашні пробашч парафіі Ліда-Фара. 15 гадоў таму ён - яшчэ студэнт семінарыі - стаў першым салістам і гітарыстам “AVE”. Потым склад групы неаднойчы змяняўся.
“Можна сказаць, людзі прыходзяць і адыходзяць кожны год, - гаворыць цяперашні саліст групы клерык Дзмітрый Зубко, які спявае ў “AVE” ужо чацвёрты год. – А для музычнага гурта гэта заўсёды як маленькая катастрофа. Новых людзей трэба вучыць. А мы ўжо дасягнулі нейкага ўзроўню, і яго трэба трымацца”.
“AVE” рэгулярна выступаюць з канцэртамі ў розных парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. З апошніх музычных падзей – канцэрты на дыяцэзіяльным з’езде моладзі ў Сапоцкіне. Мінулым летам клерыкі ігралі на з’ездзе моладзі ў польскіх Серпеліцах.
Прэзентацыя новага альбома адбудзецца на канцэрце гурта, які пройдзе 5 ліпеня падчас начнога малітоўнага чування ў Тракелях, паведамляе Католік.бай






