Расійскі фургон з 20 тонамі малака беларускай вытворчасці загразнуў у балоце ў Гомельскім раёне.
Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, надзвычайнае здарэнне адбылося 1 ліпеня на мяжы Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў. Паводле папярэдняй версіі, вадзіцель грузавіка, які перавозіў з Брэста ў Саратаў 20 тон малака "Савушкін прадукт", заснуў за рулём, фургон з'ехаў у кювет і загразнуў у балоце пад вуглом 45 градусаў. На дапамогу расійскаму грузавіку прыбылі ратавальнікі, якія дагэтуль утрымліваюць грузавік на канатах і пнеўмападушках.
Паводле слоў Р.Габрылёва, падняць фургон не ўдаецца з-за яго вялікай масы. Ратавальнікі чакаюць яшчэ адзін расійскі грузавік, які павінен прыбыць на месца здарэння і перапампаваць малако з фургона, які трапіў у аварыю. Чакаецца, што пасля гэтага выцягнуць транспартны сродак з балота будзе значна прасцей, паведамляе БелаПАН.







Каментары