Сярод 24 пацярпелых, шпіталізаваных у 6-ю бальніцу Мінска пасля начнога выбуху, адзін знаходзіцца ў рэанімацыі. Пра гэта БелаПАН паведаміў галоўны ўрач 6-й гарадской клінічнай бальніцы Віктар Гурко.
"Пацыент быў праапераваны. Цяпер стан маладога мужчыны цяжкі, у яго траўма брушной і плеўральнай поласці", –– сказаў медык.
Паводле яго слоў, усяго ў 6-ю бальніцу быў дастаўлены 31 чалавек. Стан большасці з іх здавальняльны. Найбольшая колькасць траўм — гэта пашкоджанні верхніх і ніжкіх канечнасцей, грудной клеткі і брушной поласці. Сярод пацярпелых у асноўным моладзь ад 19 да 25 гадоў, а таксама двое дзяцей — пяці і шасці гадоў, у якіх выяўлены нязначныя пашкоджанні ступняў. Дзеці, паводле слоў галоўнага ўрача, "накіраваны на амбулаторнае лячэнне".
Усяго за мінулую ноч медыкі правялі 26 аперацый, для чаго быў прыцягнуты дадатковы медыцынскі персанал, паведаміў В.Гурко. Асноўная маса траўм звязана з агнястрэльна-выбуховымі раненнямі.
"Медыкі, якія працуюць у нашай бальніцы, знаёмы з такога кшталту траўмамі. Аднак у такой колькасці давялося сутыкнуцца ўпершыню", — дадаў галоўны ўрач.
В.Гурко абверг інфармацыю, якая з'явілася ў інтэрнеце, аб тым, што ў некаторых пацярпелых ампутаваны канечнасці.
Нагадаем, паводле інфармацыі міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, у выніку выбуху пацярпелі прыблізна 50 чалавек; тры з іх знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе БелаПАН





