21-11, 18:56

Беларусы супраць настойкі пад назвай «Бульбаш»

Жыхар Віцебску Сяргей Каваленка патрабуе, каб вытворцаў настойкі «Бульбашъ» прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за абразу годнасці беларускай нацыі.

Віцебскі супольнік КХП БНФ спадар Каваленка лічыць, што «бульбаш» — гэта зневажальная для беларуса мянушка. Таму ён звярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёну Віцебску, каб вытворцу вядомага брэнду — менскі «Завод вінаградных вінаў «Дыяніс» — прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за распальванне міжнацыянальнай варожасьі.

«На мой погляд, слова «бульбаш» падрывае павагу да беларусаў, выклікае непрыняцце беларускай культуры, нацыянальнага ладу жыцьця беларусаў, гаворыць аб непаўнавартаснасьці, абмежаванасьці беларусаў. Да таго ж слова «бульбаш» не з'яўляецца літаратурным і здаўна лічыцца зневажальнай мянушкай беларуса», - гаворыцца, у прыватнасці, у ягонай заяве на імя пракурора.

Паводле спадара Каваленкі, наўрад ці можна чакаць, каб ва Ўкраіне пачалі выпускаць нейкі напой пад назвай «Хахол», або ў Расеі — пад назвай «Маскаль».

На ягоную думку, завод «Дыяніс» мусіць адмовіцца ад выкарыстання назвы «Бульбашъ». З гэтай прапановай ён звярнуўся да адміністрацыі прадпрыемства і днямі атрымаў адказ.

«Пра наданне слову «Бульбашъ» таго сэнсу, які вы прапагандуеце, нам нічога не вядома. Наданне вамі гэтаму слову адмоўнай нацыянальнай афарбоўкі скіраванае на распальванне варожасці, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, таму хацелі б вас засцерагчы ад такога памылковага і небяспечнага шляху», - гаворыцца ў расейскамоўным лісце за подпісам дырэктара прадпрыемства М. Лявончыка.

Свой зварот у пракуратуру Сяргей Каваленка тлумачыць тым, што паразумення з адміністрацыяй заводу «Дыяніс» не атрымалася. Сваё меркаванне, што выкарыстоўваць назву «Бульбашъ» недапушчальна, ён збіраецца адстойваць далей,паведамляе Хартыя'97.

Каментары

/ дадаць каментар /
Тэма:
Імя: *
Тэкст: *
Увядзіце код: *
 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя