На 60 тысячаў злотых ніжэйшае дафінансаванне атрымае ў гэтым годзе найстарэйшая газета беларусаў Беласточчыны “Ніва” ад польскіх уладаў - з Міністэрства ўнутраных спраў і Адміністрацыі Польшчы, паведаміў Рацыі галоўны рэдактар тыднёвіка Яўген Вапа.
“Зараз пачынаем выпрацоўваць ашчадны варыянт існавання. Праўдападобна, “Ніва” на час летніх канікулаў будзе вяртацца да чорна-белага друку”, - сказаў спадар Вапа.
Ён таксама паведаміў, што ніводная з трох прапанаваных Праграмнай радай тыднёвіка кніжак для выдання не знайшла падтрымкі Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, якое фінансуе дзейнасць арганізацыяў нацыянальных меншасцяў.
Пад пытаннем застаецца і дзейнасць Беларускага гістарычнага таварыства. Як сказаў яго старшыня Алег Латышонак, на некалькі тысячаў злотых зменшана і фінансаванне Беларускіх гістарычных сшыткаў.




