“Пазнай свайго суседа” - пад такім лозунгам беларускія палякі будуць спазнаваць сакрэты польскай мовы і польскай традыцыі непадалёк польска-беларускай мяжы ў Саколцы. Ініцыятарам курсаў па навучанні польскай мовы стаў уладальнік фірмы “Эко Праект” Ежы Плвасюк, які ў размове з нашым радыё сказаў, што ўжо 26 сакавіка першая група зацікаўленых лекцыямі атрымае польскія візы, а ўжо сакавіка адбудзецца першая арганізацыйная сустрэча ў Саколцы.
“Зацікаўленне лекцыямі агромністае, - кажа Плвасюк. - Хаця трэба думаць і пра тое, што частка з тых грамадзянаў Беларусі, якія атрымаюць польскія візы, захоча выкарыстаць іх не згодна з прызначэньнем, таму не выключаем яшчэ адмысловай праверкі”.
Вялікае зацікаўленне заняткамі па вывучэнні польскай мовы прадпрымальнік з Саколкі звязвае з увядзеннем “карты паляка”. Галоўнае патрабаванне для яе атрымання - веданне польскай мовы. Курс па вывучэнні польскай мовы арганізаваны сакольскім прадпрымальнікам праводзцца з аплатай, аднак спадар Плвасюк адмовіўся назваць сумы.
Заняткі будуць праводзіцца цягам году, запланавана 45 гадзінаў урокаў па вывучэнні мовы, 10 гадзінаў азнаямлення з камп’ютэрам і інтэрнэтам, а таксама некалькі экскурсіяў, у тым ліку ў Варшаву і на Аўгустоўскі канал - па польскім баку мяжы.
Валя ЛАЕЎСКАЯ




