Як стала вядома Рацыі, падчас візіту ніхто з афіцыйных асобаў ваяводства сустракацца з Кабяковым не будзе.
Прэс-сакратар падляскага ваяводы Ёганна Гадэк паведаміла Рацыі, што сустрэчы Андрэя Кабякова з кіраўніком ваяводства Мацеем Жыўно ды прадстаўнікамі мясцовых уладаў не запланаваныя.
- Гэта неафіцыйны візіт, аніякіх сустрэчаў з удзелам мясцовых уладаў, з удзелам падляскага ваяводы не будзе. Нам толькі паведамілі, што на тэрыторыі Падляскага ваяводства будзе знаходзіцца спадар Кабякоў. Але ў сувязі з тым, што гэта неафіцыйны візіт, мы не паведамляем пра ход візіту. Праграма візіту павінна быць вядома консульству Беларусі ў Беластоку.
У консульстве аб праграме візіту намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова сказаць нічога не захацелі.
- Я пра гэта нічога не ведаю, - заявіла віцэ-консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Наталля Міськевіч. - У панядзелак сустрэча ў Варшаве і таму ён (Кабякоў) прыехаў. Нічога больш на гэту тэму не магу сказаць.
Як даведалася Рацыя, у панядзелак адбудзецца афіцыйная сустрэча з удзелам віцэ-прэм'ера Андрэя Кабякова ў межах польска-беларускай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў Варшаве.
Радыё Рацыя




