У Івацэвіцкім раёне супрацоўнікам ДАІ для затрымання вадзіцеля, які рухаўся з перавышэннем хуткасці, давялося выкарыстаць табельную зброю.
Як паведаміў БелаПАН старшы дзяржаўны інспектар міжраённага аддзела ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Луцэвіч, аўтамабіль "Фальксваген-Джэта", за рулём якога знаходзіўся 25-гадовы жыхар Івацэвічаў, трапіў у поле зроку інспектараў дарожна-патрульнай службы 3 красавіка ў 23.00 каля вёскі Аляксейкі. Малады чалавек рухаўся па аўтадарозе Івацэвічы — Ружаны, парушаючы хуткасны рэжым. У адказ на патрабаванне супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі спыніцца ён толькі павялічыў хуткасць. Пасля некалькіх папярэджанняў па гучнай сувязі, а затым папераджальных выстралаў у паветра супрацоўнікі ДАІ прастрэлілі два заднія колы аўтамабіля. Але і пасля гэтага парушальнік не спыніўся. Ён павярнуў у адну з размешчаных уздоўж дарогі вёсак, кінуў аўтамабіль і паспрабаваў уцячы.
Затрыманым аказаўся слесар адной з устаноў раёна, які знаходзіўся за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Устаноўлена, што пачынаючы з 2006 года гэта ўжо пятае яго затрыманне за рулём у п'яным выглядзе. У лютым гэтага года ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення.




