У Брэсцкай вобласці пачалася рэалізацыя праекта па стварэнні ў бібліятэках рэгіёну сектараў агучанай літаратуры. Як расказаў старшыня брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ) Міхаіл Антоненка, падобны праект рэалізуецца ў краіне ўпершыню. Яго мэта — забяспечыць невідушчым і слабавідушчым людзям доступ да інфармацыі і тым самым садзейнічаць сацыяльнай рэабілітацыі гэтай катэгорыі інвалідаў.
Пакуль у вобласці ёсць усяго дзве спецыялізаваныя бібліятэкі для інвалідаў па зроку — у Брэсце і Пінску. Жыхары іншых рэгіёнаў вымушаны замаўляць там кнігі і атрымліваць іх па пошце. Чытачы-завочнікі, безумоўна, знаходзяцца ў няроўным становішчы з тымі, хто можа сам наведаць бібліятэку, зазначыў М.Антоненка.
Ён паведаміў, што ў Баранавіцкую цэнтральную гарадскую бібліятэку ўжо паступілі першыя 50 агучаных асобнікаў кніг. Наладжаная там прэзентацыя паказала, што падобная літаратура запатрабавана чытачамі — у Баранавіцкім раёне жыве 600 інвалідаў па зроку.
Партыі агучаных кніг закуплены Столінскай раённай бібліятэкай, а таксама ў Бярозе, Драгічыне, Пружанах. У перспектыве сектары агучанай літаратуры плануецца стварыць і рэгулярна іх папаўняць ва ўсіх раённых бібліятэках вобласці.
Ініцыятарам праекта выступіла брэсцкая абласная арганізацыя БелТІЗ. Праект быў падтрыманы рэспубліканскім міжведамасным саветам па праблемах інвалідаў і мясцовымі ўладамі. У прыватнасці, сродкі на набыццё спецыяльнай літаратуры выдзяляюцца з гарадскіх і раённых бюджэтаў. //БелаПАН




