Старшынёй Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пераабраны Ігар Маслоўскі. Такое рашэнне было аднагалосным, шляхам тайнага галасавання, прынята на абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі арганізацыі, якая прайшла 3 ліпеня ў Белаазёрску.
Як паведаміла прэс-служба арганізацыі, удзельнікі станоўча ацанілі працу абласной партыйнай структуры ў 2007 годзе і акрэслілі план далейшых дзеянняў.
"Сацыял-дэмакраты Брэсцкай вобласці будуць працягваць правядзенне акцый з патрабаваннем вызвалення лідэра партыі Аляксандра Казуліна, рэалізацыю праектаў па сацыяльнай абароне найбольш уразлівых слаёў насельніцтва і праграмы "Наш дом". Акрамя таго, мы маем намер умацоўваць і пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва з калегамі са Швецыі і Украіны", — паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН І.Маслоўскі.
Асаблівая ўвага на канферэнцыі была нададзена кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
На канферэнцыі прысутнічалі сацыял-дэмакраты з Гродзенскай вобласці і зямлі Вермланд (Швецыя), паведамляе БелаПАН






