20-03, 14:23

Жонка асуджанага дзяржслужбоўца з Гомеля скардзіцца Лукашэнку

Яна плануе звярнуцца да прэзідэнта са скаргай на дзеянні следства і суду. Гаворка вядзецца пра асуджанага за хабар былога супрацоўніка дзяржпрадпрыемства “Гарінфацэнтр” Юрыя Паханцава.

Працаўнікі гэтага прадпрыемства лічацца дзяржслужачымі. Як распавяла Рацыі Ірына Паханцава, на дадзены момант яна прайшла ўсе судовыя інстанцыі горада і вобласці з мэтай змякчыць прысуд яе мужу. Жанчына лічыць, што ён незаконна адбывае пакаранне і стаў ахвярай “аператыўнага эксперыменту” супрацоўнікаў упраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю.

Супрацоўнік “Гарінфацэнтру” быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару і пазбаўлены волі на 6 гадоў у верасні 2007 году. Рашэнне Цэнтральнага суда Гомеля і абласны суд, і яго старшыня Людміла Міхалькова прызналі законным. Сам Паханцаў віны не прызнаў.

Па словах Ірыны Паханцавай, на пачатку 2007 года да яе мужа звярнуўся адзін чалавек, які папрасіў яго зрабіць шыльду для крамы бытавой тэхнікі. Як потым аказалася, гэты заказ быў аператыўным эксперыментам УБЭЗ (Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі). У якасці аплаты за зробленую працу чалавек прапанаваў Юрыю тэлевізар, на што апошні згадзіўся.

Хутка да яго прыехала міліцыя, тэлевізар палічылі хабарам. На судзе раптам з’явіўся нейкі сведка, які паказаў, што Паханцаў некалі браў яшчэ і сто долараў ад яго. “Цікава, што мужчына, які заказваў шыльду, тройчы судзімы. Ці не па просьбе міліцыянераў ён выконваў гэты заказ? Можа, такім чынам крымінальнік адпрацоўваў сваю чарговую правіну перад законам”, - кажа жонка асуджанага.

Яна лічыць, што падобнымі “эксперыментамі” УБЭЗ імкнецца павысіць паказчыкі сваей працы і выслужыцца перад начальствам. Таксама яна лічыць, што “аператыўны эксперымент” з яе мужам праводзўся незаконна. “Заказ на выраб шыльды паступіў у снежні 2006 года, а санкцыя пракурора на “эксперымент” была падпісана ў лютым 2007-га”, - заяўляе жанчына.

Павел КАТВІЦКІ
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя