Паводле звестак Гомельскага абласнога ўпраўлення статыстыкі, апублікаваных 27 сакавіка, сярэдняя зарплата ў вобласці за люты склала 708.900 рублёў (330 долараў ЗША ў эквіваленце). Гэта на 11.200 рублёў менш за аналагічны паказчык у студзені (720.100 рублёў) і на 36.100 рублёў менш, чым у снежні 2007 года (745.000 рублёў).
Як заявілі ў абласным упраўленні па працы і сацыяльнай абароне, зніжэнне сярэднямесячнай зарплаты ў пачатку года ў параўнанні з канцом папярэдняга года — з'ява традыцыйная. У снежні звычайна выплачваюцца дадатковыя прэміі па выніках года, таму зарплаты, як правіла, вышэйшыя.
Больш за ўсіх у лютым зарабілі супрацоўнікі сферы геалогіі і разведкі нетраў (сярэдні заробак склаў 1.231.300 рублёў), а таксама сферы фінансаў, крэдыту і страхавання (1.173.900 рублёў). Самую маленькую зарплату атрымалі работнікі невытворчых відаў бытавога абслугоўвання — у сярэднім 345.100 рублёў.
Паводле звестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, па краіне сярэдняя налічаная зарплата ў лютым склала 761.605 рублёў. //БелаПАН




