Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці праверыў выкарыстанне стабілізацыйнага фонду прадукцыі раслінаводства, створанага на міжсезонны перыяд 2007-2008 гадоў. І праверка паказала, што цяпер у гандлёвай сетцы рэгіёну рэалізуецца задарагая імпартная капуста і морква.
Былі правераныя болей за чатыры дзесяткі крамаў рознай формы ўласнасці ў Гомелі, Мазыры і Жлобіне, якія прадаюць гародніну. Аказалася, што беларускіх капусты і морквы там не было. Паўсюль прадавалася морква з Польшчы і Галандыі па цане 2060-2820 рублёў і польская капуста за 2590-3050 рублёў.
У той самы час значная частка прадукцыі стабілізацыйнага фонду рэалізавана фізічным асобам і суб’ектам гаспадарання за межы краіны, прычым па значна больш нізкіх коштах, чымсьці мясцовым арганізацыям, паведаміў “Гарінфацэнтр” пры Гомельскім гарвыканкаме.
КДК ініцыяваў пытанне аб прыцягненні да адказнасці шэрагу службовых асобаў – пачынаючы ад начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Гомельскага аблвыканкаму.




