На Слонімскім аўтарамонтным заводзе ў траўні выйдзе з канвеера доследны экземпляр мікрааўтобуса. Такая заява прагучала на нядаўнім пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама падчас абмеркавання справаздачы намесніка старшыні аблвыканкама Юрыя Масквічова.
Як паведамляе “Гродзенская праўда”, доследны экземпляр мікрааўтобуса павінен прайсці двухмесячныя выпрабаванні на расійскім палігоне, а праз паўгода, магчыма, пачнецца яго серыйны выпуск. Мяркуецца, што мікрааўтобусы будуць выпускацца для прадпрыемстваў Міністэрства транспарту. Цяпер з Мінтрансам вырашаецца пытанне пра серыйны выпуск машыны. Разам з тым не выключаецца магчымасць выпуску машыны хуткай дапамогі, як і планавалася раней.
Па стане на канец красавіка для завяршэння будаўніча-мантажных работ зборачнай лініі патрэбны былі вялікія сродкі. Паспрыяць завяршэнню фінансавання будаўніцтва паабяцаў старшыня аблвыканкама.
Паводле “Гродзенскай праўды”, у лепшым выпадку да канца года ў Слоніме выпусцяць 240 мікрааўтобусаў. Раней пытанне выпуску ў нашым горадзе мікрааўтобусаў абмяркоўвалася падчас пасяджэння прэзідыума Савета Міністраў. Тады было сказана, што ў гэты праект уклаў грошы толькі беларускі бок. Чэхі, якія раней браліся сумесна з беларусамі наладзіць вытворчасць мікрааўтобусаў у Слоніме, ніякіх сродкаў у праект на той момант не ўклалі, піша“Газета Слонімская”.




