Магіляўчанін Валадар Цурпанаў адсвяткаваў 90-я угодкі БНР, вывесіўшы сёння на балконе два сцягі - бел-чырвона-белы нацыянальны і чырвона-зялёны дзяржаўны. “Двума сьцягамі я хацеў паказаць, што нашае грамдзва не павінна мець паміж сабой ніякіх бар'ераў, а гэтае сьвята мусіць аб’яднаць усю беларускую нацыю”, - кажа грамадскі актывіст.
Неўзабаве да яго ўварваліся міліцыянты і сарвалі абодва сцягі.
“Іх было чацвёра, - гаворыць Цурпанаў. - Камандаваў нейкі падпалкоўнік, які прадставіўся намеснікам начальніка раённага аддзелу міліцыі. Але ад дэталізацыі адмовіліся, хаця я ўпарта патрабаваў у іх прад'явіць дакументы. Мне не далі магчымасці патэлефанаваць. Калі яны былі ў маёй кватэры, то падпалкоўнік уласнаручна садраў "эти трапкі". Так ён назваў сцягі. Пры гэтым не рабіў размежавання паміж нацыянальным і дзяржаўным. Пазней яны ўбачылі ў мяне на сцяне яшчэ адно вялікае бел-чырвона-белае палотнішча, якое таксама садралі і забралі з сабой. Параіўшыся па рацыі, яны вырашылі пакінуць мяне дома. Невядомы падпалкоўнік абяцаў мяне выкінуць з балкона ў тым выпадку, калі я адважуся паўтарыць яшчэ раз свой учынак”. //Bulletinonline




