01-03, 10:45

Крыс Ры напісаў у Мінску песню, прысвечаную жонцы

Брытанскі музыка Крыс Ры, які выступіць у Мінску 1 сакавіка, паводле яго слоў, увесь час піша музыку. 

"Літаральна сёння я пісаў песню аб тым, як я сумую па сваёй жонцы. Добры блюз атрымаецца", — зазначыў Крыс Ры на прэс-канферэнцыі 29 лютага. На яго думку, хіты атрымліваюцца, "калі музыка і словы нараджаюцца адначасова". "Я заўсёды магу прыгадаць, як я гэтую песню напісаў", — сказаў музыкант.

"Часта блюз лічаць музыкай чарнаскурых, але гэта не так. Гэта музыка ўсіх людзей, якія так ці інакш могуць яе адчуць. Чайкоўскі іграў свайго роду блюз", — лічыць Крыс Ры.

У планах музыканта працягваць стварэнне музычных "кніг". Гэта "не проста дыскі, а штосьці больш цікавае". "Мы імкнемся, каб фанаты, якія 20 гадоў нас слухалі, атрымлівалі тыя ж эмоцыі і цяпер. Мы спрабуем рабіць прадукт крыху больш цікавым, чым проста 10 трэкаў на дыску", — зазначыў Крыс Ры. Першая "кніга" "Blue Guitars" разышлася накладам 165 тыс. асобнікаў.

Паводле слоў Крыса Ры, у наступнай "книзе" будзе 80 старонак. "Ёсць ідэя выкарыстоўваць інструментальнае суправаджэнне, падобнае на музыку 50-х гадоў. І потым пераходзіць да блюза 60-х", — сказаў музыкант. Усе кампазіцыі будуць выконвацца на еўрапейскіх гітарах. "Ні адной амерыканскай гітары не будзе, — падкрэсліў Крыс Ры. — Мы ўсе гэтыя гітары любілі, паколькі яны былі таннейшыя і сталі з часам вельмі вядомымі. "Бітлз" выкарыстоўвалі такія гітары, таму што не маглі спачатку купіць сабе амерыканскія. Але паступова гэтыя гітары сталі своеасаблівым сімвалам, іконай, увасабленнем мары аб музыцы".

Паводле слоў музыканта, каштаваць такая "кніга" будзе 30 еўра. //БелаПАН
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя