Крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса РБ (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў) распачата следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама ў дачыненні да 45-гадовага грамадзяніна Расіі, які мае від на жыхарства ў Беларусі.
Як паведамілі ў сталічнай міліцыі, мужчыну затрымалі 14 сакавіка. Пры асабістым даглядзе ў яго знойдзены і канфіскаваны пісталет "VIS" замежнай вытворчасці, рэвальвер сістэмы "Наган", перароблены пад малакаліберны патрон, а таксама 13 патронаў калібру 9 мм і 187 малакаліберных патронаў.
У яго дачным доме ў Мінскім раёне знойдзены тры пісталеты і два рэвальверы неўстаноўленага ўзору, два пісталеты-кулямёты "ППШ", пісталет-кулямёт "ППС", кулямёт сістэмы Дзегцярова, пісталет-кулямёт "МР", аўтамат АК-74, супрацьтанкавая міна ТМ-57, шэсць ручных гранат розных сістэм, тры артылерыйскія снарады калібру 20 мм, 177 рознакаліберных патронаў, адзін выбуховы пакет, адна шашка вырабу "Чаромха-1" і больш як 200 састаўных частак ад агнястрэльнай зброі розных сістэм.
Грамадзянін Расіі арыштаваны. Праводзіцца следства. //БелаПАН




