У пасёлку Дружны 22 сакавіка адбыўся несанкцыянаваны мітынг супраць будаўніцтва завода па вытворчасці сродкаў аховы раслін.
Паводле слоў грамадскага актывіста Мікалая Пахабава, у акцыі бралі ўдзел прыкладна 500 чалавек. Жыхары запрашалі на мітынг прадстаўнікоў улады, аднак ніхто з запрошаных не з'явіўся. За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі, аднак не перашкаджалі ёй. Мітынгоўцы трымалі плакаты "Не ядахімікатам!", "Захаваем прыгажосць прыроды нашым нашчадкам" і іншыя.
Удзельнікі мітынгу заявілі, што будаўніцтва завода можа прывесці да росту алергічных, анкалагічных, лёгачных і іншых захворванняў у тых, хто жыве ў непасрэднай блізкасці ад яго. Апрача таго, на думку эколагаў, будаўніцтва ачышчальных збудаванняў для заводаў па вытворчасці пестыцыдаў абыходзіцца як мінімум у два-тры разы даражэй, чым самога завода.
На мітынгу было прынята рашэнне правесці мясцовы рэферэндум аб будаўніцтве прадпрыемства. Затым мітынгоўцы накіраваліся да месца, дзе павінен стаяць завод, і ўстанавілі там крыж.
Актывісты пасёлка падалі заяўку ў мясцовыя органы ўлады з просьбай аб правядзенні мітынгу 29 сакавіка.
Нагадаем, Пухавіцкімі раённымі ўладамі прынята рашэнне аб выдзяленні зямлі для правядзення праектных работ прадпрыемствам ЗАТ "Аўгуст-Бел" (уласнік — расійская фірма "Аўгуст") па вытворчасці сродкаў аховы раслін. На заводзе плануецца выпускаць ядахімікаты, пестыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі, а таксама праводзіць утылізацыю ўгнаенняў з усёй Беларусі, тэрмін годнасці якіх выйшаў. Завод павінны будаваць каля мінскай ЦЭЦ-5. //БелаПАН




