01-04, 11:07

Агляд беларускіх СМІ за 1 красавіка

Мінскія камунальнікі вырашылі правучыць неплацельшчыкаў. Як паведамляе сённяшняя “Рэспубліка”, зараз у сталіцы ўзгадняецца дакумент, які можа ўзаконіць высяленне чалавека з кватэры, калі той не аплочваў “жыроўкі” усяго чатыры месяцы.

Камунальнікі адзначаюць, што апошнім часам запазычанасць мінчукоў падвысілася і складае больш за 7,5 мільярда рублёў. Хранічна не аплочваюць паслугі ЖКХ жыхары 41 тысячы кватэр, што складае 7 адсоткаў жыллёвага фонду. Але з-за недасканаласці заканадаўства летась з кватэр было выселена толькі 23 наўмысныя неплацельшчыкі.

Ці патрэбная адказнасць за бізнэс на ордэнах і медалях? Гэтым пытаннем задаецца “Беларусь сегодня”. Як высветліла выданне, толькі летась было зарэгістравана каля 70 спробаў незаконнага завалодвання баявымі ўзнагародамі франтавікоў. Адно з апошніх здарэнняў - крадзёж 17 баяваых, юбілейных і працоўных узнагарод у мінчука Змітра Зубко. Злодзей ужо знойдзены, але частку ўзнагарод ён паспеў прадаць перакупшчыкам, якія свабодна “гандлююць дзяржаўнымі ўзнагародамі на “блышыных рынках”, як семечкамі”.

Да якіх пытанняў трэба рыхтавацца тым абітурыентам, якія запісаліся на сумоўе? Пра гэта можна прачытаць у “Комсомольской правде в Белоруссии”. Прыкладам, у патэнцыйных журналістаў могуць запытаць, калі ў рэспубліцы адзначаецца Дзень незалежнасці і з якімі краінамі ў нас найбольш празрыстыя і ўзаемавыгадныя адносіны. Будучым мытнікам трэба ведаць “якое асноўнае прадвызначэнне мытні Беларусі” і “чым адрозніваецца прафесійная этыка ад службовай дысцыпліны”. Але ўсё ж найбольшую фантазію змогуць праявіць абітурыенты, што будуць паступаць на эканамічнае права. Яны мусяць ведаць што такое правы чалавека і якую функцыю выконваюць выбары ў дзяржаве.

Гэту ж тэму ўздымае на сваіх старонках і “Народная газета”. Як паведаміў выданню намеснік старшыні ўступнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў, колькасць жадаючых прайсці сумоўе перавысіла ўсе прагнозы. Замест запланаваных 2 тысячаў на гэтую працэдуру запісаліся 3,5. З-за наплыву абітурыентаў БДУ нават прыйшлося рэзка павялічыць колькасць супрацоўнікаў камісій і скарэктаваць сваю працу па суботах. Першыя сумоўі, нагадаем, пройдуць ужо 5 красавіка.

Інтэрнет-выданне “Беларускія навіны” распавядаюць пра перспектывы мінскага метрапалітэна. Ужо хуткім часам уладальнікам пластыкавых картак можна будзе не вымаць з ктішэняў, каб увайсці ў метро. Замест магнітнай стужкі на праязныя білеты будуць усталяваныя радыёчыпы. Яшчэ адна прыемная навіна: праз тры гады павінны запрацаваць новыя станцыі метро – “Грушаўка”, “Міхалова” і “Пятроўшчына”. Усе яны стануць працягам Маскоўскай лініі ў бок Паўднёвага Захаду.
 

 
НАВІНЫ РЭГІЁНАЎ BIALYSTOK ГОМЕЛЬ МАГІЛЕЎ БРЭСТ ГРОДНА МІНСК ВІЦЕБСК Беларускае радыё Рацыя іншыя іншыя