На Віцебшчыне змушаюць педагогаў устанаўліваць дома лічыльнікі вады і ў абавязковым парадку агітаваць за тое бацькоў сваіх вучняў.
Настаўніца беларускай мовы з віцебскай сярэдняй школы №13 распавяла: патрабуюць не толькі таго, каб лічыльнікі стаялі ў іхных кватэрах. Настаўнікаў прымушаюць хадзіць па дамах вучняў нібыта дзеля праверкі бытавых умоваў, у якіх гадуюцца дзеці, а заадно фіксаваць наяўнасць лічыльнікаў вады ды іншыя “камунальныя” праблемы.
– Уяўляеце, нам загадана, перш чым ісці ў кватэру да дзіцяці і ягоных бацькоў, напачатку апытаць суседзяў: ці не хуліганяць у гэтай сям’і, ці ня п’юць, які лад жыцця вядуць, а каторай гадзіне дзіця вяртаецца ўвечары дахаты і гэтак далей, – кажа настаўніца, на якую усклалі “шпіёнскія абавязкі”. – Потым, ужо ў кватэры, мы мусім высветліць, дзе дзіця вучыць урокі, ці мае свой пакой…А таксама запытацца ў бацькоў, ці сваечасова яны аплочваюць камунальныя паслугі – кватэру, газ, святло, і ці паставілі лічыльнікі вады. Мне, прызнаюся шчыра, праводзіць такія “даследванні” няёмка і нават сорамна. Некаторыя бацькі разумеюць, што я толькі выконваю загад, а некаторыя абражаюцца, адказваюць “не ваша справа”.
Справаздачы ад віцебскіх настаўнікаў рэгулярна патрабуе непасрэднае кіраўніцтва, але ніхто так і не патлумачыў, якім чынам стасуецца усталяванне лічыльнікаў з прафесійнымі абавязкамі педагогаў. // BulletinOnline.org




