Грамадскія атывісты збіралі некалькі гадоў разнастайную інфармацыю пра заходнія рэгіёны Віцебшчыны, а цяпер распаўсюджваюць яе бясплатна на CD-дысках.
Выпуск дыску “Паазер'е. Пашпарт рэгіёна” можна лічыць у пэўным сэнсе наватарскім крокам для Віцебскай вобласці: дагэтуль тутэйшыя краязнаўцы і аматары гісторыі выпускалі толькі друкаваныя выданні, прысвечаныя пэўнаму рэгіёну, ці нават аднаму мястэчку альбо вёсцы. На дыску “Паазер'е. Пашпарт рэгіёна” змешчаны звесткі адразу пра шэсць раёнаў, якія прынята называць Віцебскім паазер'ем, – гэта Браслаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Мёрскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі раёны.
Тэлефонныя даведнікі па раёнах, статыстычныя дадзеныя пра стан у галінах будаўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, фотагалерэі найпрыгажэйшых мясцін захаду Віцебшчыны – вось далёка не поўны пералік “пашпарту”, складзенага глыбоцкімі актывістамі.
– Гэта не камерцыйны праект, таму мы распаўсюджваем дыск бясплатна, – гаворыць кіраўнік глыбоцкай суполкі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч. – Думаем, што ён будзе асабліва цікавы для моладзі: цяпер амаль кожны малады чалавек у той ці іншай ступені ўмее працаваць на камп’ютары, і мы спадзяемся, што створаны намі інфармацыйны носьбіт будзе карысны тым, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю і ягоным сённяшнім развіццём.
Дарэчы, на дыску “Паазер'е. Пашпарт рэгіёна” упершыню размешчана самая поўная інфармацыя пра дзейнасць недзяржаўных суполак і аб'яднанняў на Браслаўшчыне, Глыбоччыне, Пастаўшчыне ды суседніх раёнах. Аўтары праекту з Глыбоцкага грамадскага Цэнтру рэгіянальнага развіцця “Барміца” спадзяюцца, што да іх дзейнасці далучацца і новыя людзі – тыя, хто захоча паспрыяць далейшаму развіццю рэгіёна сваімі ідэямі, прапановамі і ўчынкамі. // BulletinOnline.org




