Улады Наваполацка адмовілі мясцовым актывістам у правядзенні пікетаў да Дня працы. Як паведаміў Рацыі сябра БСДП (Грамада) Антон Ясіновіч, прычынамі адмоваў назвалі запланаваныя афіцыйныя мерапрыемствы, якія, паводле старшыні гарвыканкама Наталлі Качанавай, павінны адбыцца менавіта ў гэты дзень і час у гарадскім парку і каля Палацу будаўнікоў.
Прадстаўнікі дэмакратычных колаў горада хочуць абавязкова зрабіць здымкі гэтых мерапрыемстваў, бо навучаныя, што не заўсёды запланаваныя на час акцый апазіцыі розныя імпрэзы насамрэч адбываліся.
Яшчэ больш непаважліва адносяцца да акцый апазіцыі ў раёнах вобласці. Напрыклад, у Гарадку мясцовым актывістам прапанавалі праводзіць замоўленыя пікеты за межамі райцэнтру ва ўрочышчы “Вераб’ёвы горы”. Паводле намесніцы старшыні райвыканкама Надзеі Буруновай, гэтае новае месца ў лесе па-за населенным пунктам быццам бы вызначанае рашэннем уладаў у снежні.
У лясы накіроўваюць актывістаў і ў Аршанскім раёне. Там ім прапаноўваюць праводзіць масавыя мерапрыемствы на тэрыторыі былой вайсковай часткі за 3 кіламетры ад бліжэйшага паселішча. Адзін са старэйшых актывістаў Аршаншчыны Фёдар Муханаў назваў гэта здзекам і бязглуздым цынізмам.
Алена ГРЫНЯВІЦКАЯ




