У дзень гадавіны чарнобыльскай трагедыі ў Віцебску міліцыя затрымла распаўсюджвальніка недзяржаўнай прэсы Барыса Хамайду і сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку.
Каля 11 гадзін Сяргей Каваленка выйшаў у цэнтр горада з бел-чырвона-белым сцягам. Праз 12 хвілін да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і загадалі ісці з імі ў раённае аддзяленне.
“Я выйшаў з нацыянальным сцягам на вуліцу Леніна, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да чарнобыльскіх праблем у Беларусі”, - распавёў Каваленка.
На яго складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні - незаконным пікетаванні.
Барыса Хамайду супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС затрымалі каля дома № 28 па вуліцы Леніна, дзе ён звычайна распаўсюджвае незалежную прэсу. Міліцыянеры патлумачылі, што ён затрыманы для таго, каб у міліцыі маглі праверыць законнасць распаўсюджвання ім выданняў. Аднак у пратаколе, які міліцыянеры склалі ў Чыгуначным РАУС, запісана таксама, што апазіцыянер быў у бел-чырвона-белым шаліку і стаяў пад вялікім бел-чырвона-белым парасонам. // БелаПАН




