11 верасня ў Беларусі прайшлі „парламенцкія выбары”



Чытайце на нашай старонцы пра тое, што адбывалася на выбарчых участках, якія парушэнні зафіксавалі назіральнікі за працэсам, як людзі і эксперты расцэньваюць шанцы праўладных і апазіцыйных кандыдатаў.

Гародня. Участак  №5 па Гарадзенскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе нумар 50. Падлік галасоў – „галосны і адкрыты”.

k6ab_fboizg

Фота Віктара Данільчыка.

Паводле ЦВК, па стане на 20.00 прагаласавала 74,32% выбаршчыкаў.

Падлік галасоў у Бярозе на Берасцейшчыне. Пры падліку галасоў на выбарчых участках № 55 і 62, дзе сядзелі незалежныя назіральнікі, нічога новага не было.

img_5868

На участку №55 толькі пасля заўвагі назіральніка зменшылі адлегласць да сталоў, за якімі лічылі галасы, з 5 метраў – да трох, кажа назіральнік ад Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ:

– Падлік галасоў адбываўся па старой схеме – з трох метраў мы назіралі як яны на стале раскладвалі бюлетэні па прозвішчах. Таму, як праходзіў падлік, за каго галасавалі людзі, я не бачыў, і ніхто не бачыў, акрамя сябраў выбарчай камісіі.

Паводле назіральніка, наколькі яму вядома, аналагічна праходзіў падлік і на 62 участку, а таксама на іншых ўчастках.

* * *

Выбары адбыліся ва ўсіх 110 акругах, – заяўляе Цэнтрвыбаркам. Ідзе падлік галасоў. Згодна з рэкамендацыяй ЦВК, выбарчыя камісіі павінны трымаць назіральнікаў не далей за тры метры ад стала. Аднак новая норма не зробіць падлік галасоў празрыстым. “Гэта прафанацыя”, – лічыць каардынатар кампаніі “Правааабронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч:

– Мы будзем лічыць празрыстым падлік галасоў, калі назіральнікам будзе дэманстравацца кожны выбарчы бюлетэнь, і можна будзе засведчыць волевыяўленне выбаршчыкаў па кожнаму выбарчаму бюлетэню. Усе іншыя маніпуляцыі, якія адбываюцца падчас падліку галасоў, мы будзем лічыць непразрыстымі і недэмакратычнымі.

Праваабаронца нагадаў, што традыцыйна падлік галасоў – самы таемны этап выбарчых кампаній у Беларусі. Таму ён заўсёды найбольш крытыкуецца незалежнымі назіральнікамі.

20.00. Галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў завяршылася, выбарчыя ўчасткі зачыніліся.

Ідзе падлік галасоў. Агулам працавала 6 тысяч 18 участкаў, у тым ліку 47 – за мяжой.

Менск. Беспрэцэдэнтны выпадак зафіксаваны на выбарчым участку № 347 у менскім мікрараёне Сухарава. Камісія, якой кіруе вядомы бізнесовец Павел Тапузідзіс, вырашыла выдаліць з участка ўсіх  назіральнікаў і журналістаў. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё  распавёў назіральнік Алесь Лагвінец. Аднаго з назіральнікаў – Пятра Маркелава – пазней затрымала міліцыя. Канфлікт пачаўся, калі назіральнікі хацелі ўдакладніць, ці зарэгістраваныя на гэтым участку грамадзяне, якія ўвечары масава прыйшлі галасаваць.

Гародня. На некалькіх выбарчых участках Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акругі №52 участковыя камісіі адмовілі назіральнікам у праве назіраць за працэсам галасавання на даму. Адмовілі назіральнікам на ўчастках № 25 і № 27. Старшыні гэтых выбарчых камісій Галіна Кошур і Жана Казловіч заявілі назіральнікам, што не абавязаны іх браць на выязное галасаванне.

Яўка выбаршчыкаў на 18.00 склала 67,71%, паведамляе Цэнтрвыбаркам.

У Берасцейскай вобласці прагаласавала 66,88% выбаршчыкаў, у Віцебскай – 67,7%, у Гомельскай – 74,64%, у Гарадзенскай – 68,17%. У Менскай вобласці прагаласавала 67,99% выбаршчыкаў, у Магілёўскай – 74,41%. У Менску прагаласавала 56,21% выбаршчыкаў.

Па стане на 16 гадзін выбары адбыліся ў 100 выбарчых акругах.

Усяго акругаў – 110. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі ў Менску. “Можна сказаць, што парламент абраны ў правамоцным складзе”, — сказала яна. Яўка менш за 50% была зафіксаваная ў васьмі акругах Менску, у адной акрузе Гарадзенскай вобласці і ў адной — Менскай. Пры гэтым Ярмошына адзначыла, што і ў гэтых 10 акругах „паказчыкі таксама нядрэнныя”, найменшая яўка ў іх складае 45%.

Берасце. Нізкая яўка і слабая цікавасць да выбараў – так можна ахарактарызаваць атмасферу на выбарчых участках  у асноўны дзень галасавання. Згодна афіцыйных дадзеных, выбарчыя ўчасткі наведала амаль 60 працэнтаў насельніцтва Берасцейшчыны. Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін падкрэсліў, што на ўчастках мала людзей:

– Бачна, што электарат зусім не цікавіцца выбарамі. Ажыятажу няма. Чуваць выказванні: „калі галасаваць, то толькі не за начальніка”. Таксама варта адзначыць, што камісіі вядуць сябе да назіральнікаў вельмі насцярожана.

Наведвальнасць участкаў у Берасці даволі слабая – за гадзіну не больш за некалькі дзясяткаў чалавек. Большасць з іх упершыню знаёміцца з біяграфіямі кандыдатаў.

Бярозаўка. У рэгіёнах людзі не вельмі актыўна наведваюць выбарчыя ўчасткі. З Бярозаўкі паведамляе Андрэй Панямонаў:

– Выбарчы працэс у Бярозаўцы і на Лідчыне праходзіць досыць пасіўна. Выбарцы не ідуць галасаваць. Я абышоў пяць участкаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Бярозаўкі, і толькі на трох з іх я заўважыў па адным выбарцы. Магчыма паспрыяла добрае надвор’е, і людзі выбраліся на прыроду або на лецішчы і не пайшлі галасаваць, альбо проста перасталі верыць у выбары. Калі параўноўваць з выбарамі прэзідэнта, якія адбыліся год таму, цяпер на ўсіх участках стаяць празрыстыя скрыні для галасавання.

Яўка выбаршчыкаў на 16.00 склала 60,87%.

Такія дадзеныя размешчаны на сайце Цэнтрвыбаркама. У Берасцейскай вобласці прагаласавала 59,72% выбаршчыкаў, у Віцебскай – 67,7%, у Гомельскай – 66,36%, у Гарадзенскай – 60,95%. У Менскай вобласці на ўчасткі для галасавання прыйшлі 60,26% выбаршчыкаў, у Магілёўскай – 65,98%. У Менску прагаласавала 49,71% выбаршчыкаў.

Гомель. Жыхары вуліцы Валадарскага ў Гомелі не пайшлі на ўчасткі для галасавання праз незадаволенасць мясцовымі ўладамі. Грамадзяне абураныя нездавальняючым станам гравійнай дарогі, на якой часта траўмуюцца дзеці і ад якой пасля праезду аўтамабіляў ідзе пыл. Паводле адной з жыхарак, людзі стаміліся за 30 год безвынікова звяртацца ў органы ўлады.

– У нас у канцы і пачатку вуліцы былі вялізныя ямы. Калі мы пачалі скардзіцца, адрамантавалі пачатак вуліцыі і канец, а сярэдзіна засталася такой, як і раней. Пыл стаіць стаўбом. Старым людзям не прайсці. Дзеці не могуць катацца ні на роварах, ні на самакатах.

Адмова грамадзянаў ад удзелу ў выбарах у Навабеліцкім раёне Гомеля – не першы выпадак. Раней жыхары аварыйнага дому № 34 па вуліцы Дворнікава таксама выказвалі гатоўнасць адмовы ад выбараў з-за няякаснага рамонту іх будынка.

Гародня. Выбары праходзяць у асноўны дзень традыцыйна без энтузіязму. Яшчэ ў абед многія ўчасткі спальных раёнаў не мелі трыццаці адсодкаў тых, хто прагаласаваў. Сітуацыю для агульнай карціны выправілі ўчасткі, дзе пражываюць пераважна студэнты, альбо там, дзе працоўныя прадспрыемстваў пражываюць у інтэрнатах. Там колькасьць на пачатак выбарчага дня дасягала 60 %.

Расказвае доўгатэрміновы назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў:

– Улада дамаглася свайго – ў людзей вялікая пасіўнасць. І людзі ў прынцыпе не хадзілі б на гэтае галасаванне, каб іх не прымушалі. У нас ёсць дастаткова фактаў. Мы ведаем, што, напрыклад, у  інтэрнатах каменданты прыходзілі і гналі людзей галасаваць, казалі, што інакш у людзей будуць праблемы. Мы таксама ведаем, што “Хімвалакно” адпускала людзей на гадзіну раней для таго, каб работнікі прагаласавалі. Гэта гаворыць толькі пра тое, што без адміністрацыйнага рэсурса выбары адбыцца не могуць. А гэта значыць, што людзі проста не вераць.

16.00

У інфармацыйным цэнты Палаца Рэспублікі прайшла прэс-канферэнцыя з Лідзіяй Ярмошынай, якая агучыла апошнія дадзеныя па галасаванні на 14 гадзін, якія, паводле дадзеных ЦВК , склалі 52, 5% выбарцаў.

У Берасцейскай вобласці прагаласавала (з улікам датэрміновага галасавання) 50,16% выбаршчыкаў, Віцебскай — 58,17%, Гомельскай — 59,01%, Гарадзенскай — 53,66%, Менскай — 51,54%, Магілёўскай — 57,35%, Менску — 41,93%, за межамі Беларусі — 52,16%.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі знаходзіцца наш карэспандэнт Сяргей Залескі:

– На 14 гадзін, паводле Ярмошынай, парламенцкія выбары ў краіне адбыліся, але не ва ўсіх выбарчых акругах. Найменшая яўка зафіксаваная ў Менску. Тут выбары адбыліся толькі ў адной з 20 выбарчых акругаў – Чкалаўскай. 

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што шанцы на прызнанне гэтых выбараў міжнарожнымі назіральнікамі – вялікія.

15:00

На выбарчым участку №62 у Бярозаўскай раённай бальніцы, назіральніку, накіраванаму ад грамадзян, фактычна забаранілі назіраць за галасаваннем па палатах. Дазволілі зайсці ў аддзяленне і сказалі сядзець на медсястрынскім пасту. Паясняе сітуацыю намеснік старшыні камісіі і адначасова намеснік галоўнага лекара бальніцы Вячаслаў Саковіч:

— Там цяжкі хворыя, мы не можам вас пусціць. Таму вы пасядзіце, а мы пройдзем па палатах з сястрой. 

З кароткай размовы з хворымі ўдалося высветліць, што яны дакументы пакінулі дома і за іх прагаласуюць сваякі:

— За мяне жонка прагаласавала.

— Я дачцэ пашпарт аддаў, няхай галасуе.

Вячаслаў Саковіч прымушаў хворых, каб успаміналі свае нумары тэлефонаў і прасілі, каб прыйшлі сваякі з пашпартамі. А потым сказаў, што хворыя могуць галасаваць і пры адсутнасці дакументаў.

Гомель. Спроба зрыву незалежнага назірання ў Гомелі адбылася на тых участках, куды прыехалі з інспекцыяй высокія начальнікі. Дэсант з высокапастаўленых чыноўнікаў, у складзе якіх былі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка і старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, наведаў узорна-паказальныя ўчасткі 25 і 13 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі нумар 33.

Каардынатар кампаніі “Права выбару” па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе нумар 33 Алег Шабетнік заўважае, што менавіта на гэтых участках пару дзён таму ўзніклі праблемы з незалежнымі назіральнікамі:

– Хутчэй за ўсё яны былі знятыя па загадзе. Бо ім не патрэбныя назіральнікі, якія будуць пісаць скаргі. Бо я сказаў, што мы будзем пісаць скаргі, калі не будзе адкрытага падліку галасоў.

Гомельская-Цэнтральная акруга – адзіная ў Гомелі, дзе апазіцыя планавала арганізаваць пастаяннае назіранне на ўсіх участках. Аднак, нечакана для саміх каардынатараў, на 11 з сарака пяці ўчасткаў назіральнікі спынілі працу.

14:30

З участка № 194 Чкалаўскай выбарчай акругі Менска выгналі адразу 3 назіральнікаў.

Пра гэта паведамляе прэс-служба кампаніі назірання „Права выбару”. Сябры камісіі абвясцілі, што назіральнікі перашкаджалі іх працы. Два назіральнікі ад «Права выбару» напаўголаса абмяркоўвалі тэхнічныя пытанні, што і стала падставай для пазбаўлення іх акрэдытацыі. Камісія выдаліла таксама назіральніцу ад БРСМ.

Выдалены дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Павал Знавец паведаміў, што назіральнікі «ціхенька паміж сабой абмяркоўвалі лічбы датэрміновага галасавання”. Гэтую акалічнасць камісія выкарыстала для пазбаўлення акрэдытацыі ўсіх траіх назіральнікаў.

На Чкалаўскай выбарчай акрузе ў Палату прадстаўнікоў вядуць дзеючую дэпутатку Наталлю Клімовіч. Аднак неафіцыйным лідарам народных сімпатый лічыцца кіраўнік Таварыства беларускай мовы, Алег Трусаў.

14:20

Парламенцкія выбары адбыліся ўжо ў 20 выбарчых акругах.

Парламенцкія выбары адбыліся ўжо ў 20 са 110 выбарчых акругаў, бо на іх ужо прагаласавала больш за 50% выбаршчыкаў. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 11 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яе слоў, у Віцебскай вобласці выбары адбыліся ў васьмі выбарчых акругах, Гомельскай — шасці, Магілёўскай — чатырох, Гродзенскай — адной і Менскай — адной. У Берасцейскай вобласці і Менску выбары пакуль не адбыліся ні ў адной з акругаў.

14:00

На 12.00 на парламенцкіх выбарах прагаласавала 42,3% выбаршчыкаў.

Паводле дадзеных ЦВК, на 12.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў склала 42,3% (з улікам датэрміновага галасавання).

У Берасцейкай вобласці прагаласавала 38% выбаршчыкаў, Віцебскай — 48,27%, Гомельскай — 47,74%, Гарадзенскай — 43,92%, Менскай — 41,59%, Магілёўскай — 47,14%, Менску — 33,48%, за межамі Беларусі — 39,38%.

13:45

Менскія вуліцы і галасаванне на участку №687 Партызанскай выбарчай акругі.

13:10

На ўчастках Грушаўскай выбарчай акругі сталіцы выбаршчыкі досыць актыўна бяруць удзел у выбарах. Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама ў галасаванні з улікам датэрміновага галасавання ўжо ўзялі ўдзел больш за трэць грамадзян. Парушэнняў па Грушаўскай акрузе паводле стану на 12 гадзін зафікскавана не было. Паведамляе наш карэспандэнт Павел Генадзіч:

— Галасаванне на ўчастку, дзе сёння назіраў, у Грушаўскай акрузе, адбываецца цалкам у штатным рэжыме. Мяркуючы па тым, як людзі ідуць на галасаванне, я мяркую, што выбары адбудуцца, то бок яўка будзе большая за 50% дакладна. Хоць на гэтых выбарах яўкі не патрабуецца і выбарцам трэба проста вызначыцца са сваім кандыдатам. Я участку, дзе я знаходжуся, ёсць і назіральнікі і прадстаўнікі АБСЕ. Фактычна ніякіх пакуль што парушэнняў, прынамсі на Грушаўскай акрузе, не зафіксавана, але будзем глядзець як усё будзе праходзіць далей. Народ галасуе даволі актыўна.

12:50

На закрытых участках у вайсковых часстках ужо ідзе падлік галасоў.

На 12 закрытых выбарчых участках, на якіх галасуюць толькі вайскоўцы, ужо скончылася галасаванне і ідзе падлік галасоў, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 11 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Яшчэ на 10 закрытых участках, дзе галасуюць вайскоўцы і цывільныя асобы, галасаванне будзе працягвацца да 20 гадзін.

Галасаванне ў бальніцах і санаторыях, адзначыла Ярмошына, будзе працягвацца да таго часу, пакуль не прагаласуюць усе уключаныя ў спісы выбаршчыкі.

Кіраўнік ЦВК паведаміла, што за сёння ў Цэнтрвыбаркам паступіла 20 скаргаў, тым ліку 15 — па Менску. Паводле яе слоў, у асноўным скаргі тычацца ўключэння ці неўключэння ў спісы выбаршчыкаў, адсутнасці запрашэння прыйсці на выбарчы ўчастак. „Гэта тыповыя, руцінныя пытанні”, — сказала кіраўнік ЦВК.

12:34

На 10 гадзін раніцы на выбарах прагаласавала 34,38% выбаршчыкаў.

Паводле звестак ЦВК, на 10 гадзін 11 верасня яўка выбаршчыкаў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў склала 34,38% (з улікам датэрміновага галасавання).

У Берасцейскай вобласці прагаласавала 30,62% выбаршчыкаў, Віцебскай — 38,2%, Гомельскай — 38,61%, Гарадзенскай — 36,04%, Менскай — 34,17%, Магілёўскай — 37,8%, Менску — 28,05%, за межамі Беларусі — 39,38%.

12:20

У Беластоку адкрыты выбарчы ўчастак у Генеральным консульстве па вуліцы Электрычнай, 9.

У спіс для галасавання ўключаныя 76 грамадзянаў Беларусі, аднак, галасаваць могуць не толькі зарэгістраваныя выбаршчыкі. Кажа старшыня выбарчай камісіі Мікалай Камышык.

— Згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь пры арганізацыі выбараў па-за межамі Беларусі ў спіс выбаршчыкаў, якія маюць права ўдзелу ў выбарах, уключаюцца людзі, якія пражываюць тут, у Беластоку напрыклад, ці на тэрыторыі Падляшскага ваяводства. Усе, хто тут ужыве, могуць прыехаць сёння і прагаласаваць. Таксама могуць прыехаць і прагаласаваць грамадзяне Беларусі, якія прыехалі, напрыклад, з турыстычнымі мэтамі.

Участак для галасавання №737 у Генеральным консульстве ў Беластоку па вуліцы Электрычнай адкрыты да 20 гадзіны па польскім часе.

11:15

Гомель. Наш карэспандэнт у Гомелі Мікола Бянько ўжо аб’ехаў некалькі выбарчых участкаў, у тым ліку ў гомельскай Цэнтральнай і Сельмашаўскай выбарчай акругах:

— На ўваходзе на выбарчыя ўчасткі арганізаваны выязны гандаль: буфеты з кандытарскімі вырабамі і алкаголем у разліў. На ўчастку № 25 Цэнтральнай акругі Гомеля галасуе старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Відаць, таму там асабліва пастараліся: асартымент тавараў багаты, можна набыць не толькі алкаголь, але і сувеніры, і нават пасцельную бялізну. Высокай яўкі грамадзянаў аднак не назіраецца нідзе. Прадстаўнікі незалежных назіральных кампаній канстатуюць, што на ўчастках, дзе ўдалося арганізаваць пастаяннае назіранне, маюцца разыходжанні ў лічбах падчас датэрміновага галасавання. Афіцыйныя дадзеныя ў два тры разы перавышаюць лічбы назіральнікаў. Сярод парушэнняў — таксама адмовы ў прадстаўленні спісаў асобаў, што галасуюць дома.  

10:30

У Менску ў Палацы Рэспублікі пачаў працаваць Інфармацыйны цэнтр Цэнтрвыбаркама «Выбары-2016», — паведамляе БелаПАН.

Паводле слоў кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай, практыка адкрыцця такога цэнтра падчас выбарчых кампаній добра сябе зарэкамендавала. «Гэта вельмі зручна для журналістаў, гэта пастаяннае аператыўнае інфармаванне СМІ і выбаршчыкаў», — сказала яна.

Інфармацыйны цэнтр будзе працаваць увесь дзень выбараў да 00 гадзін 30 хвілін 12 верасня, а таксама 12 верасня — з 9 да 12 гадзін.

Прэс-канферэнцыі кіраўніцтва ЦВК і відэаканферэнцыі з удзелам кіраўніцтва тэрытарыяльных камісій у інфармацыйным цэнтры будуць праводзіцца 11 верасня ў 10, 12, 14, 16, 18 гадзін, 20 гадзін 30 хвілін і ў 24 гадзіны, а таксама 12 верасня ў 10 гадзін. Акрамя таго, 12 верасня на 10.30 запланавала прэс-канферэнцыя назіральнікаў ад місіі СНД.

10:20

Глыбоччына.

Невялікай актыўнасцю адзначыўся пачатак выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна. У гэтым населеным пункце пражывае больш за пяцьсот жыхароў, галасуюць яны на 43 участку Докшыцкай выбарчай акругі. Участак месціцца ў адміністрацыйным будынку Глыбоцкай перасоўнай механізаванай калоны і меліяводгаспадаркі і прызначаны для галасавання жыхароў 6 вёсак.

У склад камісіі ўвайшло 11 чалавек, незалежных назіральнікаў на гэтым участку няма.

Таццяна Смоткіна высвятляла, як галасуюць у гэтай мясцовасці выбаршчыкі:

— Зранку я прыйшоў, бо з ночы еду. Каб другі раз не прыходзіць. А за каго галасаваў? — За Андрэйчанку. Ён аднавіў нам парк і гораду дапамагае. За каго яшчэ? Гэтых я не ведаю.

— Сястры прыходзіла запрашэнне, а мне не прыходзіла, дык я і не ведаю, якія там дэпутаты, за каго мне галасаваць.

— І я не ведаю.

РР: А вы самі не цікавіліся?

—  Я не разумею нават, хто гэта такія. Паперку дадуць, пакажуць лісток, а хто яны такія і чым яны займаюцца, я зусім не ведаю.  

РР: І Андрэйчанку вы не ведаеце? Ён жа старшыня Палаты прадстаўнікоў.

— Прозвішча, можа, і ведаю, але чым ён мне дапамог? Навошта мне за яго галасаваць?

— Прыходзілі па подпіс. Нібы за Андрэйчанку, але я так і не зразумеў, за што я падпісаўся.

РР: Вам казалі: абавязкова ідзіце на выбары, бо, калі не пойдзеце, то будуць нейкія праблемы?

— Не, гэта фактычна добраахвотна, але ж усё адно дастануць потым. Я буду галасаваць за свайго земляка.

РР: За Змітра Лупача?

— Я яго з дзяцінства ведаю.

09:45

Цэнтрвыбаркам падаў звесткі пра яўку на датэрміновае галасаванне. Афіцыйная яўка выбаршчыкаў дэманструе рост у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі 2012 года: паводле інфармацыі ЦВК, сёлетні паказчык датэрміновага галасавання стаў рэкордным для парламенцкіх выбараў у Беларусі і склаў 31,29%.

Для параўнання: на парламенцкіх выбарах 2012 года датэрмінова прагаласавалі 25,9% выбаршчыкаў, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года — каля 36%, на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэцяга склікання ў 2004 годзе (якія былі сумешчаныя з рэферэндумам пра дазвол Лукашэнку балатавацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў) афіцыйны паказчык яўкі за ўвесь перыяд датэрміновага галасавання складаў толькі 17,39%.

Незалежныя назіральнікі лічаць, што ў час датэрміновага галасавання ўлады актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс для павышэння яўкі выбаршчыкаў. Акрамя таго, на думку назіральнікаў, датэрміновае галасаванне — найбольш зручны час для фальсіфікацый, у прыватнасці шляхам укідвання выбарчых бюлетэняў у скрыні. Усяго ў спісы для галасавання ўключана 6 млн 977 тыс. 224 выбаршчыкі.

09:15

На выбарчых участках у Гародні назіральнікі не адзначаюць ажыятажу. Наш карэспандэнт з горада над Нёманам Якуб Сушчынскі адзначае, што на датэрміновае галасаванне   масава заганялі студэнтаў:

— Актыўнасць выбарцаў зранку ў Гародні нізкая, асабліва на тых участках, дзе прайшлі актыўныя датэрміновыя галасаванні. Гэта ўчасткі дзе галасавалі студэнты. Так на ўчастку №18 пяцьдзясят першай выбарчай акругі ўжо прагаласавала 60% выбарцаў. На гэтым участку праходзяць такія дэмакратычныя кандыдаты як Вадзім Саранчукоў і Іван Крук. Лічбы таксама ўжо не сыходзяцца: паміж тым, што фіксуюць назіральнікі і тым, што дае камісія. На вышэйназваным участку прагаласаваўшых паводле незалежнага назіральніка прайшло 1046 выбарцаў, а паводле камісіі 1073. На тых участках, дзе студэнтаў няма, толькі пачынаецца выбарчы дзень, напрыклад на ўчастку №19, дзе боль за 2000 выбарцаў за папярэднія дні прагаласавалі ўсяго 564 чалавекі. Таму, выбары толькі пачынаюцца. Назіральнікі мяркуюць, што найбольшая колькасць людзей павінна прыйсці бліжэй абеду.

08:10

У гэтыя хвіліны адкрываюцца выбарчыя ўчасткі. Дзякуючы датэрміноваму галасаванню, у сталіцы яўка ўжо набліжаецца да 22%. У Менскай вобласці – амаль 24%. Назіральнікі, як і раней, фіксуюць укідванне фальсіфікаваных бюлетэняў, «каруселі» й прымус.

На якія акругі Менску і вобласці варта звярнуць увагу? Дзе захавалася хоць нейкая інтрыга? Пра гэта распавядае наш карэспандэнт Стас Дадэрка:

— Напрыклад Сеніцкая выбарчая акруга № 76, тут кандыдатаў толькі 2, адзін з іх прадстаўляе БНФ, Ілля Дабратвор, а другі вядомы як казачы атаман, экс-кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, Мікалай Улаховіч. Яшчэ адзін былы кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня кампаніі «Гавары Праўду» Таццяна Караткевіч змагаецца за месца ў парламенце па Кастрычніцкай акрузе № 97, што праўда, канкурэнтаў тут у яе больш, пяцёра. Таксама эксперты называюць сярод магчымых прадстаўнікоў памяркоўнай апазіцыі бізнесоўца новаспечанага чальца БНФ Віталя Астроўскага, старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава і яго намесніцу Алену Анісім. І яшчэ адна адносная інтрыга: хто пройдзе ў парламент па Старавіленскай акрузе №105? Там фактычна засталіся 2 канкурэнты: спявачка Ірына Дарафеева і юрыст, навуковец, Андрэй Козік, сын Леаніда Козіка, экс-старшыні праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў. Упрыватнай гутарцы са мной Андрэй сказаў, што паводле ягоных адчуванняў адміністрацыйны рэсурс працуе менавіта на Дарафееву, але ж законы, на ягоную думку, павінны пісаць і прымаць юрысты. Козік выступае за эвалюцыйныя змены, за беларускую мову, за незалежнасць. Паглядзім, хто больш патрэбны ў парламенце: спявачка ці юрыст.

Прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэту і праваабарончага цэнтру „Вясна”, якія  вядуць кампанію „Праваабаронцы за свабодныя выбары” падвялі папярэднія вынікі выбарчага працэсу. Галоўныя крытычныя ацэнкі наступныя:

  • агітацыйная кампанія была мала заўважнай і не мела вялікага рэзанансу;
  • рашэнні мясцовых органаў улады адносна месцаў, у якіх дазволеныя масавыя агітацыйныя мерапрыемствы і размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў; у большасці рэгіёнаў умовы для агітацыі палепшаныя ў адрозненне ад адпаведных рашэнняў падчас выбараў 2012 і 2015 гг.; у некаторых рэгіёнах захоўваецца негатыўная практыка мінулых кампаній;
  • было зарэгістравана 525 кандыдатаў, з якіх 40 знялі свае кандыдатуры, адносна аднаго з кандыдатаў рашэнне аб рэгістрацыі адменена.
  • стварылі свае выбарчыя фонды толькі 322 кадыдаты, што складае 67% ад зарэгістраваных (484);
  • 43% назіральнікаў адзначылі, што мясцовыя органы ўлады прадстаўлялі кандыдатам і іх давераным асобам іншыя, акрамя вызначаных, памяшканні для сустрэч з выбарцамі; 55% назіральнікаў адзначылі, што ўсе кандыдаты ў іх акрузе маглі на роўных умовах сустракацца з выбарцамі ў гэтых памяшканнях; у 13% выбарчых акруг мясцовыя адміністрацыі не дазвалялі асобным кандыдатам праводзіць сустрэчы з выбарцамі ў памяшканнях і ладзіць масавыя мерапрыемствы;
  • не былі забяспечаныя роўныя правы кандыдатаў; лепшыя ўмовы для агітацыі створаныя для кандыдатаў ад улады: на іх карысць актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, былі задзейнічаныя электронныя і друкаваныя СМІ; адзначаныя факты сустрэч праўладных кандыдатаў з выбарцамі ў працоўны час, маніпуляцыі з інфармацыяй аб графіку сустрэч на сайтах мясцовых адміністрацый і іншае;
  • усе кандыдаты мелі магчымасць скарыстацца правам выступу на ТВ і надрукаваць сваю праграму ў дзяржаўных СМІ, аднак некаторыя адмовіліся ад яго;
  • ёсць выпадкі цэнзуры выступаў і праграм кандыдатаў, перашкодаў у публікацыі агітацыйных матэрыялаў (патрабаванні ўзгадніць, скарэктаваць змест і інш.), хоць дзеючае выбарчае заканадаўства не прадугледжвае патрабавання ўзгаднення тэкстаў выбарчых друкаваных матэрыялаў друкарнямі і не накладае такіх абавязкаў на саміх кандыдатаў; адзначаны факты дыскрэдытацыі апазіцыйных і незалежных кандыдатаў.
  • Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзя Грыдзіна