Эксперт: Нязвыкла вялікая лічба прагаласаваўшых супраць усіх



Лічбы Аляксандра Лукашэнкі на выбарах традыцыйныя – заўважае палітычны аналітык і медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі. 16 кастрычніка на сваім паседжанні Цэнтравыбаркам зацвердзіць канчатковыя вынікі выбарчай кампаніі. Паводле папярэдніх вынікаў за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 83,47% выбаршчыкаў, за Тацяну Караткевіч — 4,44%. У праекце “Месца для прэсы” Паўлюк Быкоўскі ўзгадаў лічбы Аляксандра Лукашэнкі падчас мінулых кампаній.

У 2006 годзе 83% было. Зараз заяўлена крыху болей за 83. Я не думаю што гэтыя лічбы нешта надзвычайнае, гэта ўжо традацыя, калі беларускія ўлады мабілізуюць людзей прагаласаваць і вось такі вынік мы бачым.

І такім чынам яўка атрымалася 87,22%. Паводле Паўлюка Быкоўскага, найбольш цікавая лічба тых, хто прагласаваў супраць усіх. Асабліва гэта адчувалася ў сталіцы, калі на некаторых участках лічба дасягала нават 50%.

– Калі браць сталіцу, то тут бачны вялікі адрыў кандыдата супраць усіх. Гэта 20% па сталіцы, а былі асобныя ўчасткі, дзе было і 50%. Гэта вялікі паказчык цалкам па краіне. Калі з нечым спрачаешся са спадарыняй Ярмошынай, то тут можна пагадзіцца, што вялікі паказчык кандыдата супраць усіх сведчыць пра тое, што значная частка выбаршчыкаў не знайшла на каго абаперціся.

Канчатковыя вынікі выбарчай кампаніі Цэнтравыбаркам зацвердзіць 16 кастрычніка. Таксама разгледзяць скаргу Тацяны Караткевіч на вынікі выбараў па ўсёй Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя