15 гадоў таму быў выкрадзены Дзмітрый Завадскі



Тэлеаператар ОРТ Дзмітрый Завадскі бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года. Яму было 27 гадоў. У 1994-1997 гадах Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым перайшоў на Грамадскае расейскае тэлебачанне (цяпер Першы канал).

Вясной 1997 года Зміцер разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па травень 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм „Чачэнскі дзённік”.

Раніцай 7 ліпеня 2000 г. Завадскі выехаў з дому ў нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.

У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС „Алмаз” Валерыя Ігнатовіча, які сустракаўся з Завадскім ў Чачні. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, асуджаныя на пажыццёвае зняволенне. Абодва яны сябе вінаватымі не прызналі.

Імя Дзмітрыя Завадскага звычайна згадваецца ў адным шэрагу з іншымі гучнымі знікненнямі 1999-2000 гг: экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнесоўца Анатоля Красоўскага, паведамляе TUT.BY.