У Менску ўшанавалі памяць Барыса Нямцова



У Менску 27 лютага ўшанавалі памяць расейскага палітыка Барыса Нямцова, забітага год таму ў цэнтры Масквы. Ініцыявалі памінальную акцыю ў беларускай сталіцы актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія прапанавалі неабыякавым беларусам прыйсці ў суботу днём да пасольства Расеі.

777E25F2-236D-4A04-8B06-3B2732ADECDC_w640_r1_s

Па словах лідара АГП Анатоля Лябедзькі, да прызначанага часу ушанаваць памяць Нямцова каля расейскага дыппрадстаўніцтва сабралася прыкладна 15 чалавек, у асноўным актывісты АГП, але былі прадстаўнікі і іншых дэмакратычных сіл, напрыклад «Еўрапейскай Беларусі».

«Мы паставілі каляровы партрэт Барыса Нямцова, паклалі кветкі, запалілі свечкі, гаварылі пра яго. Я пастараўся падабраць нейкія сардэчныя, небанальныя словы», — расказаў Лябедзька.

«На жаль, пакуль у Менску няма нейкага памятнага месца, звязанага з Барысам Нямцовым. Спадзяюся, што калі-небудзь тут з’явіцца і вуліца імя Барыса Нямцова. Ну, а пакуль выбрана пасольства, таму што гэта ўсё-такі нейкі сімвал краіны, у якой нарадзіўся, вырас, жыў і загінуў Барыс Нямцоў», — адзначыў Лябедзька.

Паводле яго слоў, памінальная акцыя праходзіла ў прысутнасці асоб у цывільным, якія назіралі за тым, што адбываецца, і здымалі ўсё на відэакамеру.

«Мы сыходзілі, а людзі працягвалі прыходзіць і класці кветкі. Так што, я думаю, мы сваім заклікам проста далі старт, і людзі яшчэ на працягу дня знойдуць магчымасць падысці і ўшанаваць памяць Нямцова», — адзначыў лідар АГП.

Паводле БелаПАН

Фота svaboda.org