21 кандыдат зняўся з гонкі за дэпутацкі мандат



Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь правяла чарговае паседжанне, на якім значная частка часу была прысвечаная выніковаму працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, а таксама разгляд скаргаў з іх боку акруговымі камісіямі.

Ужо 21 кандыдат зняў сваю кандыдатуру з выбараў па розных прычынах, гаворыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яны не паведамляюць пра гэта. І гэта іх права. Мы нікога не забавязваем даваць нейкія тлумачэнні перад камісіяй, чаму яны так робяць. Не выключана, што гэта былі кандыдаты-дублёры, якія ад самага пачатку ішлі ў звязцы з больш моцным кандыдатам. І ў гэтым плане яны папросту спыняюць сваю выбарчую кампанію, каб галасы не растасківаліся, а працавалі на больш моцнага кандыдата. Таму гэта, я думаю, такая выбарчая тэхналогія, а не нейкія рэальныя прычыны, якія ўплываюць на іх няўдзел у выбарах.

На паседжанні разглядаліся таксама праблемы безбар’ернага асяроддзя для выбаршчыкаў-інвалідаў з мэтай зрабіць для іх выбарчыя ўчасткі больш зручнымі, была дадзеная справаздача па падрыхтоўцы адмысловых бюлетэняў-трафарэтаў для выбаршчыкаў са слабым зрокам і сляпых.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск