25 год таму Беларусь стала незалежнай



25-га жніўня 1991 года, у выніку галасавання дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, Дэкларацыя аб незалежнасці атрымала канстытуцыйны статус.

nez2_140825

Незалежнай Беларусі споўнілася 25 год. З гэтае нагоды палітэмігрант, а ў першай палове 90-х лідар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк звярнуўся да беларускага народу. Ён назваў гэты дзень найвялікшым нацыянальным святам.

Сярод іншага Зянон Пазьняк прызнаў, што ў цэлым беларускае грамадства на той час яшчэ не было гатовае да незалежнасці, але ўжо сфармаваўся нацыянальны авангард.

Алег Трусаў

Старшыня „Таварыства беларускай мовы” Алег Трусаў быў сярод дэпутатаў, якія галасавалі за незалежнасць Беларусі:

– Пасля таго, як праваліўся путч, канешне, ніякага страху не было. Наадварот, была ўпэўненсць, што мы дачакаліся таго зорнага дня, пра які пісалі нашыя класікі. Нарэшце сонца ў наша ваконца заглянула напоўніцу. Быў пад’ём, была эйфарыя, былі тысячы людзей на плошчы. Тут ужо ніякага страху не было.

Фота Уладзіміра Сапагова

25-га жніўня ў Менску пройдзе шэраг святочных акцыяў, у тым ліку несанкцыянаваных.

У прыватнасці, актывісты аб’яднання „Альтэрнатыва” збіраюцца раздаваць у цэнтры сталіцы сцяжкі з нацыянальнай сімволікай.

Прадстаўнікі „Маладога Фронту” плануюць сабрацца а 18.00 каля помніка Янку Купалу на „Купалаўскія чытанні”.

Беларускае Радыё Рацыя