Абвастрэнне вакол Крыма. Каму і навошта трэба?



За новым абвастрэннем канфлікту Расеі і Украіны вакол Крыма стаяць расейскія спецслужбы, — упэўненыя дэмакратычныя беларускія палітыкі. Па меркаванні старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, галоўная мэта новай эскалацыі — не выпускаць Украіну з расейскай сферы ўплыву.

AFF22A3A-4E9A-4E35-AFEB-E706744CE9EF_cx22_cy26_cw51_w610_r1_s_r1

Аляксей Янукевіч:

Я перакананы, што апошнія падзеі вакол Крыма накіраваныя на тое, каб звязаць рукі новаму ўкраінскаму ўраду, які імкнецца ажыццяўляць рэформы, узмацняць інтэграцыю з Еўропай. А цяпер, калі зноў напружанасць стала вельмі высокай, вымушаны пераарыентавацца на падрыхтоўку абароны. Усё гэта вельмі трывожна. Ствараюцца патэнцыйна новыя кропкі абвастрэння канфлікту. Можа аднавіцца вайна ва Украіне, на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі. А Беларусі гэта пагражае як новай патэнцыйнай хваляй бежанцаў з Украіны, так і ўцягваннем нашай краіны ў гэты канфлікт непасрэдна. Наш інтарэс у гэтай сітуацыі адзіны — каб вайны ва Украіне не было, каб у рэгіёне панаваў мір. Але мы бачым, што на жаль, крамлёўская агрэсія ў дачыненні да Украіны працягваецца. І гэта ставіць Беларусь у вельмі няпэўнае і неабароненае становішча перад абліччам новых выклікаў, таму што фармальна мы з’яўляемся вайсковымі саюзнікамі Расеі. Аднак, безумоўна, усе разумеюць, спадзяюся, у тым ліку і кіраўніцтва Беларусі, што ўцягвацца ў канфлікт супраць Украіны было б надзвычай авантурна і нават самазабойча для Беларусі. Таму даводзіцца працягваць балансаванне. А гэта чарговыя наступствы таго, што цяпер наша краіна з’яўляецца фактычна закладніцай Расеі, закладніцай авантураў крамлёўскага кіраўніцтва праз геапалітычныя памылкі, якія рабіліся сённяшнімі ўладамі Беларусі цягам мінулых 20 гадоў. У першую чаргу, гэта ўваходжанне ў тыя інтэграцыйныя і вайсковыя аб’яднанні, дзе дамінуе Расія.

Першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць відавочным, што абвастрэнне сітуацыі вакол Крыма, і ўвогуле напружаная сітуацыя ва Украіне — у інтарэсах кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна.

maxresdefault

Юрась Губарэвіч:

— Ужо не першы год працягваецца канфлікт на ўсходзе Украіны. Бачна, што мясцовае насельніцтва стамілася ад пастаянных перастрэлак і ваенных дзеянняў. Большасць жыхароў, якія пражываюць на акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай абласцей, хацелі б спынення той агрэсіі, якая існуе цяпер, пераходу да мірнага жыцця. Таму яны не падтрымліваюць ніводны з ваюючых бакоў. Натуральна, людзі там разумеюць, што ў іх няма перспектывы ў складзе самаабвешчаных рэспублік, дзе эканоміка не працуе і дасягнуць годнага роўню жыцця ў такіх умовах немагчыма. Таму ваенная авантура Пуціна знаходзіць усё меншую і меншую падтрымку. Але пазбавіцца ад кантролю над сітуацыяй ва Украіне Пуцін не хоча, бо для яго гэта пытанне выжывання ягонага ж палітычнага рэжыму, пытанне рэйтынгаў і падтрымкі ўнутры самой Расеі, якая атручана крамлёўскай прапагандай. Таму і ствараюцца новыя кропкі напружання, праводзяцца новыя правакацыі. Спадзяюся, тое, што адбылося на мяжы паміж акупаваным Крымам і тэрыторыяй Украіны, насіла толькі разавы, кропкавы характар, што справа не дойдзе да поўнамаштабнага ваеннага канфлікту. Але ад людзей, якія абсалютна нічым не абмежаваныя ў сваёй уладзе, можна чакаць усё што заўгодна.

Parotnikau

Па меркаванні палітолага, стваральніка і кіраўніка парталу Belarus Securicy Blog Андрэя Паротнікава, лакальная вайна з-за абвастрэння сітуацыя вакол Крыма ўсё ж малаверагодна. Але разрыў дыпламатычных адносінаў, пра што ўжо пайшлі размовы, у прыватнасці, вуснамі расейскага прэм’ера Дзмітрыя Мядведзева, цалкам верагодны. І гэта будзе вельмі вялікім выклікам не толькі для Украіны, але і для Беларусі. І вось чаму.  Па-першае, любое абвастрэнне расейска-украінскіх адносінаў, уздымае пытанне: «А на чыім баку Беларусь?», «Наколькі Беларусь падтрымлівае Расею?»

Другі момант звязаны з тым, што калі разрыў дыпламатычных адносінаў адбываецца, то ўзнікае пытанне, а што рабіць з грамадзянамі, у дадзеным выпадку Украіны, якія працуюць на тэрыторыі Расеі. Хутчэй за ўсё, іх папросяць пакінуць тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Адпаведна, па-першае, частка з іх паспрабуе знайсці новае месца працы. Як варыянт, гэта будзе Беларусь. Адпаведна, гэта дадатковы ціск на рынак беларускай працы. Але большая частка вернецца ва Украіну. Хутка пачнецца восень, потым зіма. Камунальныя плацяжы растуць. Людзі згубілі заробак, альтэрнатыўнага не маюць. У выніку — дэстабілізацыя сацыяльнай сітуацыі, а потым — дэстабілізацыя палітычнай сітуацыі, — кажа Андрэй Паротнікаў, спрабуючы адгадаць логіку дзеянняў расейскай улады, якая працягвае нагнятаць напружанасць вакол Украіны.

«Таму не бачу перспектывы для вайсковай эскалацыі, прынамсі, значнай. Але то, што Расея можа справакаваць дэстабілізацыю ва Украіне праз сацыяльна-эканамічны чыннік, у якім разрыў дыпламатычных зносінаў адыгрывае ролю механізма, гэта цалкам мажліва», — падсумаваў Андрэй Паротнікаў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя