Абвінавачваць Беларусь у антырасейскай палітыцы – бязглуздзіца



«Паводзіны Лукашэнкі нагадваюць паводзіны Чаўшэску ў свой час, а менавіта – атрымліваць заходнія крэдыты без усялякіх унутраных рэформаў, будучы пры гэтым у АДКБ”, – лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь нельга назваць нейтральнай краінай і тым больш выкрыць яе ў правядзенні антырасейскай палітыкі на міжнароднай арэне.

Падобны пункт гледжання Якаўлеўскі назваў «надуманым, памылковым і навязаным».

– Калі я ўзгадваю Чаўшэску, то менавіта гэта я меў на ўвазе, Чаўшэску быў хаўруснікам Савецкага Саюза, а сёння Лукашэнка хаўруснік Расеі, –  сутнасць тая ж. Беларусь выконвае ўсе без выключэння абавязкі па мілітарнаму саюзу з Расеяй у рамках АДКБ. І тут гаварыць пра тое, што нейкую асобную пазіцыю займае Беларусь адносна Украіны, то гэта не нейтральная пазіцыя, а без відавочнага энтузіязму, але ж выконвае ўсё.

«Калі мы паглядзім хроніку галасавання Беларусі ў міжнародных арганізацыях, то Менск заўсёды падтрымлівае Расею, у тым ліку і па Крыму», – дадае Раман Якаўлеўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя