Адстаўкі ў польскім урадзе (абноўлена)



Прэм’ер-міністр Эва Копач заявіла, што ў яе на руках заявы пра адстаўку міністраў: аховы здароўя Барташа Арлуковіча, казны Владзімежа Карпінскага, спорту Анджэя Берната. Таксама пра адстаўку заявілі віцэ-міністры: Рафал Баняк, Станіслаў Гаўлоўскі, Томаш Тамчыкевіч і прафесар Яцэк Растоўскі.

79721

Гэта вынік працягу гэтак званага скандалу з праслухоўваннем. Таксама стала вядома, што дзейны кіраўнік спецыяльных служб больш не будзе працаваць на сваёй пасадзе.

Пра гэта стала вядома пасля прэс-канферэнцыі кіраўніцы польскага ўраду Эвы Копач:

– Мне на рукі падалі заявы пра адстаўку з пасадаў ва ўрадзе міністры: Барташ Арлуковіч, Анджэй Бернат, Владзімеж Карпінскі. Віцэ-міністры: Рафал Баняк, Станіслаў Гаўлоўскі, Томаш Тамчыкевіч. З кіраўніка дарадцаў прэм’ера падаў заяву спадар прафесар Ян Растоўскі. Радаслаў Сікорскі задэклараваў, што адмовіцца ад пасады маршалка Сейма.

Прэм’ер-міністр таксама паінфармавала, што не будзе падпісваць справаздачы за 2014 год генеральнага пракурора Анджэя Шэрэмета. Рашэнне Копач звязана з публікацыяй у інтэрнэце матэрыялаў следства так званай справы з падслухоўваннем.

Як паведамляюць wp.pl, Радаслаў Сікорскі наступным чынам патлумачыў сваю адстаўку:

– Як віцэ-кіраўнік ГП (рэд. Грамадзянскай платформы) я кажу, што шанцы ГП для мяне больш важныя, чым асабістыя амбіцыі. Я дзякую ўсім калегам па парламенту, супрацоўнікам канцылярыі Сейму, але перадусім сваё жонцы, для якой некалькі апошніх месяцаў не былі лёгкімі.

Я збіраюся выконваць функцыі спікера Сейму да таго часу, пакуль не будзе прызначаны мой пераемніка, – сказаў Радаслаў Сікорскі на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі.

Марэк Сівец, былы еўрадэпутат ад Саюза левых дэмакратаў:

– У кожнай справе лічыцца прынятае рашэнне і лічыцца час, калі прымаецца рашэнне. Гэта як у спорце. Можна мець вельмі добрую форму, але калі лік 4:0, то ўжо цяжка што-небудзь змяніць. Эва Копач прыняла добрае рашэнне, але прыняла запозна. А прыняла запозна таму, што Платформа і яе ўрад, а раней урад Дональда Туска, думалі, што удасца зрабіць, каб гэтая справа не выйшла на паверхню. І былі прынятыя палавінчатыя крокі. Я напісаў на сваім блогу, што барацьба з такімі афёрамі падобная на барацьбу з эпідэміей эболы. Калі б з эболай пачалі змаганне ў час выяленых лічаных хворых, і былі б задзейнічаныя сур’ёзныя сілы, то не было б так шмат ахвяраў. Сталася іначай. І зараз Платформа праціць цану за тое, што не пачала дзейнічаць у адпаведным часе, хаця крокі слушныя.

Рышард Чарнецкі, віцэ-старшыня Еўрапарламента з польскай апазіцыйнай партыі Права і Справядлівасць:

– Калі б гэтыя адстаўкі адбыліся адразу пасля выяўлення афёры з падслухам, у якой панове былі негатыўнымі героямі, калі б гэтыя адстаўкі адбыліся год таму, а быў час у Дональда Туска на хуткую рэакцыю… Але гэтае рашэнне прынятае праз год пасля „стужкавай афёры”. Значыць, тут не ідзе пра тое, каб пакараць палітыкаў Платформы, а толькі каб уратаваць Платформу. Гэтая афёра негатыўна адбілася на Платформе ў справе пазіцыі партыі, яе рэйтынгу, таму гэты рух – чыста піяраўскі.

Павал Усаў, палітолаг: Калі казаць пра змены ва ўрадзе, то гэта вынік прайграных выбараў прэзідэнцкіх. Для Грамадзянскай Платформы гэта моцны ўдар. І такія разнастайныя рухі і адлучэнне ад улады пэўных міністраў – гэта маніпуляцыя, каб здабыць падтрымку з боку грамадства, якое ў значнай ступені расчаравалася ў дзеяннях Платформы і скіравала сваю ўвагу на апазіцыю – “Права і справядлівасць”.

 РР. Гэты скандал разгарэўся вакол запісаў гадавой даўніны. Год назад гаварылі пра гэта, але ўдалося запісы найважнейшых асобаў неяк замяць і прыхаваць. Чаму цяпер пачалі зачытваць тое, што было сказана падчас сустрэчы вядучых палітыкаў і выказванні наконт Польшчы і не самыя лепшыя выказванні адносна грамадзянаў Польшчы, якіх у гэтых размовах трактавалі з іроніяй вялікай?

Павал Усаў: Гэтыя змены і адстаўкі былі вынікам выцеку інфармацыі следства адносна гэтай так званай касетнай афёры. І вінаватым у гэтым быў галоўны пракурор Польшчы, які таксама падаўся да дэмісіі. І, калі паглядзець на тых, хто выйшаў з ураду, то гэта амаль усе тыя, хто быў запісаны на гэтых касетах, хто быў падслуханы. Але гэта – другасная прычына таго, чаму адбыліся змены ва ўрадзе. Гэта афіцыйная версія, магчыма, для прэсы. Але асноўная прычына – гэта неяк папулярызваць Платформу, неяк за гэтыя тры месяцы перад парламенцкімі выбарамі зрабіць нейкія відавочныя змены. І дзеючы прэм’ер-міністр Эва Копач хацела паказаць, што Платформа змяняе твар, прыходзяць новы людзі, каб паказаць людзям, што Платформа стала бліжэй да грамадства. Быў адпраўлены ў адстаўку адзін самы непапулярны міністр аховы здароўя, які зрабіў усё, каб узрасталі непрыемныя адносіны да Грамадзянскай Платформы, бо рабіў абсалютна непрадуманыя крокі ў рэформе ў сістэме медычнай аховы. І сітуацыя ў сферы аховы здароўя значна пагоршылася за гэтыя гады. Для мяне віавочна, што гэта папулістычныя крокі, каб выратаваць сітуацыю перад парламенцкімі выбарам. Але, на маю думку, ужо зараз можна прагназаваць, што Платформа парламецкія выбары прайграе.

РР: Але, нягледячы на скандалы, можна сказаць, што ў параўнанні з беларускай рэчаіснасцю, у Польшчы палітыка ўсё ж адбываецца. 

Павал Усаў: Гэта нельга параўноўваць з нашай рэчаіснасцю. Скандалы і авантуры адбываюцца ў кожнай дзяржаве, нават у вельмі развітых дэмакратыях. Але асноўнае дасягненне дэмакратыі ў тым, што, калі інфармацыя пра авантуры прасочваецца ў медыі, то палітычныя кар’еры заканчваюцца. Плюс дэмакратыі ў тым, што яна дазваляе не толькі кантраляваць дзейнасць палітычных сілаў, але і паспяхова іх змяняць. І Польшча – гэта яскравы прыклад. Дэмакратычныя працэдуры тут дзейнічаюць, у адрозненне ад Беларусі, дзе 99 адсоткаў кіроўнай эліты ўжо даўно павінна сядзець у вязніцы.

Беларускае Радыё Рацыя