АГП абскардзіць у Вярхоўным судзе папярэджанне Мінюста



АГП не будзе паддавацца шантажу і займацца самацэнзурай. Такое меркаванне аднадушна выказаў Палітсавет Аб’яднанай Грамадзянскай партыі пры абмеркаванні папярэджання, вынесенага партыі Міністэрствам юстыцыі Беларусі.

Гэта не прававое, а палітычнае рашэнне, прынятае з мэтай шантажу і прымусу да самацэнзуры партыі пад пагрозай яе закрыцця, кажа старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька:

— АГП, якая дзейнічае ў легальным полі, гэта адна сітуацыя, і АГП, якая знаходзіцца ў падполлі — гэта другая сітуацыя. Я не ведаю, што для ўлады лепшае, бо АГП не знікне, ці то з зарэгістраваным юрыдычным статусам, ці без яго. Гэтыя людзі не паедуць у эміграцыю, яны не спыняць сваёй палітычнай дзейнасці. У нечым у нас нават развязваюцца рукі. Таму тут ёсць свае плюсы і мінусы.

Палітсавет АГП аднагалосна прыняў рашэнне абскардзіць гэтае палітычна матываванае папярэджанне ў Вярхоўным Судзе. Падобныя папярэджанні Міністэрства юстыцыі вынесла таксама Партыі БНФ і Руху “За свабоду”. Усе яны абвінавачваюцца ў парушэнні парадку правядзення масавай акцыі на Дзень Волі.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя