Ахвяры камунізму ва Украіне — да 10 мільёнаў жыццяў



Ва Украіне адзначаюць Дзень памяці ахвяр Галадамору. Штучны голад, выкліканы рашэннямі савецкай улады загубіў мільёны жыцьцяў.  Жыхары найбольш урадлівых зямель у Еўропе масава паміралі, у той час як камуністы прадавалі мільёны тон збожжа на Захад.

zavalnia_kirsenko

Чым быў Галадамор? Ці ад голаду паміралі толькі ўкраінцы? Чаму Галадамор з’яўляецца генацыдам? Тлумачыць украінскі гісторык прафесар Міхайла Кірсэнка:

— Украіна ў ХХ стагоддзі тры разы мела вялікі голад. У 1921, 1933 і 1947 гадах. У 1921 годзе гэта былі наступствы грамадзянскае вайны, вызвольнага змагання, іншаземнай інтэрвенцыі і нядбайства ўлады. У 1947 годзе гэта былі наступствы таго, што Савецкі Саюз даў велічэзную колькасць збожжа Польшчы і Чэхаславаччыны, каб камуністы выйгралі выбары ў гэтых краінах. Зерне было ўзята з Наддняпроўя. Падкрэсліваю, з Заходняй Украіны не бралі – баяліся паўстанцаў – удзень адбярэш у сялян зерне, вечарам прыйдуць па цябе. Толькі адна хваля Галадамору, то бок, год 1933 і наступны – гэта былі спланаваныя і арганізаваныя акцыі савецкай улады. Ці было гэта скіравана супраць украінцаў, ці толькі супраць сялян? На гэта адказваюць мапы, якія зрабілі нашы і заходнія даследчыкі. Мапы, на якіх вельмі канкрэтна бачна: ня ўся Украіна была ахоплена Галадаморам, а толькі тыя вобласці, дзе пераважала этнічна ўкраінскае сельскае насельніцтва. Больш таго, тыя вобласці РСФСР, дзе пераважала этнічна ўкраінскае насельніцтва (Стаўрапаль, Кубань, Саратаўская губерня), таксама былі ахоплены Галадаморам. То бок, гэта быў удар па сялянству і безумоўна ўдар па ўкраінскасці. haladamor_mapa

Мапа галоўных раёнаў голаду в СССР. Больш густое заштрыхаванне азначае большыя памеры няшчасця. А — раёны спажывецкай паласы, В — раёны вытворчай паласы. Крыніца: Wikipedia.org

 РР: А ці можам мы знайсці гэта ў дакументах? Што трэба забіраць зерне там, дзе жывуць украінцы, ці гэта было такое негалоснае, вуснае распараджэнне?

 Гэта не мая непасрэдная тэматыка, але ёсць публікацыі на гэту тэму. Ёсць выступы Сталіна, Кагановіча, іншых сяброў Палітбюро, іх унутраныя нарады. Так што гэта даказана дакументамі. Першы даследчык гэтай праблематыкі – Робэрт Конкўэст. Ён амерыканец, які рыхтаваў дакументы для камісіі Сенату Злучаных Штатаў, якая даследвала абставіны Галадамору ў 50-годдзе (у 1983 годзе). А для Робэрта Конкўэста дакументы рыхтаваў таксама амерыканец, Джэймс Мэйс, вельмі добры даследчык, які на гэтым спецыялізаваўся. Аднойчы я яго спытаў: «Джымі, ты цудоўна ведаеш сваю тэматыку. Ты не толькі разбіраешся як навуковец, але пражываеш яе эмацыйна. Чаму? Ты ж амерыканец, у цябе няма ў сям’і ніводнага ўкраінца?». Ён на мяне паглядзеў і адказаў: «Так. Але я не проста амерыканец. Я – чэрокі». А чэрокі – гэта маленькі індзейскі народ, які быў дэпартаваны ў ХІХ стагоддзі, і страціў падчас дэпартацыі страціў амаль палову сваіх людзей. То бок ён параўнаў генацыд чэрокі ў Злучаных Штатах і генацыд супраць украінцаў тут.   

РР: Розныя можна пачуць лічбы адносна ахвяраў Галадамору ва Украіне. Кажуць, што памерлі 3 мільёны, некаторыя сцвярджаюць, што наогул 10 мільёнаў. Якая лічба больш праўдзівая?

Вы маеце рацыю, лічбы вельмі адрозніваюцца. У шмат якіх мясцовасцях памерла ўсё насельніцтва, уключна з тымі, хто вёў падлікі, то бок, не было каму лічыць.

Мая маці была маладой лекаркай, у гарадах хлеб быў, вымірала вёска. Гарады былі аточаныя войскам. Калі мая маці выязджала з Пласкурава (цяпер горад завецца Хмяльніцкі) і бачыла, што ля дарогі ляжаць сяляне, яна казала свайму фурману “спыніся, трэба дапамагчы людзям!”. Яна яшчэ не ведала, што гэта ўсе людзі, якія пахавалі ўсіх у сваёй вёсцы, і з апошніх сілаў дапаўзлі да дарогі, каб нехта іх пахаваў. І на гэта фурман ёй адказваў: “спадарыня доктар, не рыпайцеся! З’ядуць!”

Што да лічбаў, я кажу, вельмі вялікія разыходжанні, не буду называць канкрэтна. Але мне здаецца праўдападобным, што агульная лічба стратаў Украіны ў часы ленінізму і сталінізму, то бок ад 1918 да 1953 года, складае прыблізна 14 мільёнаў 300 тысячаў трупаў – гэтак кажуць брытанцы, такую лічбу я знайшоў у бібліятэцы Брытанскага музея ў Лондане. То бок, палова мужчынаў і чвэрць усіх жанчынаў Украіны.

РР: Але гэта страты разам з вайной?

Вядома. Але вайна – гэта невялікая частка ў параўнанні з мірным часам. У мірны час мы безумоўна страцілі больш за 10 мільёнаў людзей – гэта найасцярожнейшыя падлікі. І вядома, забываць гэта немагчыма, хоць вельмі цяжка ў гэта верыць.

РР: То бок падчас вайны загінула менш украінцаў чым у мірны час?

Прыблізна ў два разы. Пры тым, што падчас вайны таксама былі страшэнныя страты. Былі “чорныя бушлаты”. Калі людзі трапілі ў палон, праз два гады былі мабілізаваныя, і калі прыйшла Чырвоная армія, было сказана, што яны вінаватыя, бо “не ваявалі”. Таму ідзіце ў атаку ў цывільнай чорнай вопратцы па снезе, узімку і без зброі. Здабывайце сабе зброю ў ворага. То бок вельмі шмат стратаў. Але ў мірны час мы страцілі ў два разы больш.

І тут можна параўнаць са стратамі Беларусі. Адзінае, што ў выпадку Беларусі мне асабіста незразумела матывацыя Сталіна. Украіна білася, Беларусь не чыніла ў такой меры супраціву, але, вядома, я магу памыляцца.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя